Пра гэта ў інтэрв’ю “РГ” расказаў намеснік дырэктара Маладзечанскіх электрасетак па цеплаэнергіі Леанід Кузняцоў.

Тэмпературныя выпрабаванні не адмяняюць штогадовых гідраўлічных – апрасоўкі. Яна пачнецца сёлета 10 мая. Як і летась, пройдзе ў два этапы. Ад 10 мая на два тыдні гарачай вады не будзе ў той частцы горада, што знаходзіцца ад вуліцы Віленскай у бок Мінска. Ад 24 мая – у зоне міні-ЦЭЦ, ад Віленскай у бок Смаргоні.

Акрамя таго, у Маладзечне на сёлета запланавана значная замена труб. Па словах начальніка ўчастка цеплавых сетак маладзечанскага “Камунальніка” Аляксандра Працкова, планы вялікія.

–  Каб пасля “Дажынак” не псаваць добраўпарадкаванне, пакрыццё дарог, запланавана замяніць цеплатрасы, якія перасякаюць асноўныя гарадскія магістралі. Гэта дасць магчымасць на шмат гадоў забыць аб рамонце труб. Пастараемся наладзіць работу так, каб людзі не заставаліся без гарачай вады. Прынамсі, каб да іх прыходу з работы вада ўжо была. Акрамя маладзечанскіх арганізацый, у работах задзейнічаныя падрадчыкі з іншых гарадоў. Плануем замяніць каля 8 кіламетраў трубаправода. Каля 15% ад запланаванага ўжо выканана. Напрыклад, трубы па вуліцах Будаўнікоў, Прытыцкага, Паркавай, іншых.

Рамантуюць цеплатрасу па Вялікім Гасцінцы.

У Вілейцы апрасоўка сёлета пачнецца 16 мая.

Выбарачна адключаць некаторыя ўчасткі тэрмінам на два тыдні ад 10 мая пачнуць у Мядзеле.

У Смаргоні, па словах начальніка падраздзялення ацяпляльных кацельняў Яўгена Шоця, кожная з чатырох кацельняў з мая па верасень будзе адключацца двойчы. Штораз на тыдзень. Дакладны графік яшчэ не зацверджаны.

Ашмяны для апрасоўкі таксама дзеляцца на дзве часткі: ад 10 мая гарачай вады не будзе ў адной палове горада, праз два тыдні – у другой.

Святлана ЦІШКО.

Фота Святланы ЦІШКО.