У рэспубліканскім конкурсе “Настаўнік года-2011” ад нашага рэгіёна будзе ўдзельнічаць настаўніца гісторыі мядзельскай гімназіі №1 Аксана Колтан.

Яна стала лаўрэатам абласнога конкурсу. Другі тур і цырымонія ўзнагароджання адбыліся 27 красавіка.

У першым туры педагогі ладзілі самапрэзентацыю на сем хвілін, падчас якой раскрывалі сутнасць сваёй педагагічнай дзейнасці, праводзілі ўрок-экспромт у незнаёмым класе, праходзілі псіхолага-педагагічнае тэставанне.

Журы вызначыла шэсць фіналістаў, якія 27 красавіка ў Бараўлянах удзельнічалі ў другім туры (міні-ўрок на сцэне на 20 хвілін, педагагічная імправізацыя і абарона вопыту сваёй педагагічнай дзейнасці). Аксана Колтан ладзіла міні-ўрок на тэму “Жыццё даецца, каб жыццё тварыць”.

Перамог у абласным конкурсе настаўнік матэматыкі і інфарматыкі Лошніцкай раённай гімназіі Барысаўскага раёна Іван Якіменка. Аксана Колтан і настаўніца беларускай мовы і літаратуры слуцкай СШ №13 Іна Серадзінская сталі лаўрэатамі. Журы конкурсу адзначыла як лепшы ўрок Аксаны Колтан у незнаёмым класе і ўручыла ёй “Хрустальнага бусла”.

Аксана Колтан працуе ў гімназіі з моманту яе стварэння, ад 1 верасня 2004 года. У конкурсах прафесійнага майстэрства ў папярэднія гады ўдзельнічала, але не так паспяхова.

У інтэрв’ю “РГ” яна расказала, што спадзявалася стаць лаўрэатам абласнога конкурсу і шмат на гэта працавала. “А які сэнс удзельнічаць, калі не разлічваеш на перамогу?” – лічыць яна.

Цяпер мядзельская настаўніца рыхтуецца да рэспубліканскага этапа, які адбудзецца ў верасні. Там будуць крыху іншыя конкурсы, таму, сказала яна, давядзецца падвучыцца.

Намеснік дырэктара гімназіі №1 Людміла Цяляк расказала ў інтэрв’ю “РГ”, што Аксана Колтан – вельмі мэтанакіраваны чалавек, мае высокі ўзровень прафесійнага майстэрства, шукае новыя метады і формы і прымяняе іх на практыцы. Актыўна ўдзельнічае ў рабоце раённага метадычнага аб’яднання. Акрамя таго, разам з вучнямі раз на два месяцы выпускае газету “Кур’ер гімназіі”.

Святлана ЦІШКО.

Фота www.myadel-gimnaz.by.