Аўтарам 2000 каментара на нашым сайце rh.by стаў маладзечанец Васіль Лябецкі. 12 мая ён атрымаў падарунак ад рэдакцыі.

Васіль Лябецкі расказаў, што чытачом нашай газеты з’яўляецца ўжо каля 16 гадоў, колькі яна існуе. Калі з’явіўся сайт, стаў глядзець навіны там: інфармацыі больш, яна публікуецца раней, чым у пятнічным нумары, можна пачытаць каменты іншых людзей і сваім меркаваннем падзяліцца. Але газету ён па-ранейшаму выпісвае.

Карэспандэнт Святлана Цішко ўручае Васілю Лябецкаму фірменны парасон.

Васіль Лябецкі.

Раней працаваў на чыгунцы. Год таму выйшаў на пенсію – з’явілася магчымасць сур’ёзна заняцца бегам.

Лёгкай атлетыкай Васіль Лябецкі захапіўся яшчэ ў дзяцінстве. Але сур’ёзна, паводле яго слоў, пачаў займацца ў войску, калі служыў у Германіі. Затым у Маладзечне ён сустрэў майстра спорту міжнароднага класа, марафонца Аляксандра Цімафеенку. “Гэта мой галоўны настаўнік – вельмі цаню яго ўрокі”, – адзначыў Васіль Лябецкі.

Сам ён, на яго думку, сур’ёзна трэніравацца пачаў толькі на пенсіі. Цяпер набягае па дзве-тры тысячы кіламетраў у год. У мінулым годзе прыняў удзел у 15 прабегах на тэрыторыі Беларусі. І ва ўсіх быў прызёрам у сваёй узроставай групе – восем першых месцаў, шэсць другіх і адно трэцяе. Сёлета выступаў у Жодзіне на адкрыцці сезона, у Чысці і Асіповічах. Усюды фінішаваў першым.

“Працягваю трэніравацца. Сёння, напрыклад, 17 кіламетраў прабег”, – расказаў нам Васіль Антонавіч. – Сапернікі не дрэмлюць – Міхаіл Кажан, Барыс Марцім’янаў, Барыс Кісялёў паказваюць добрыя вынікі. Анатоль Дрэнь сёлета перайшоў у нашу групу. Мы добра ведаем адзін аднаго, на спаборніцтвах сочым са стартам, хто як бяжыць”.

Васіль Лябецкі не толькі захапляецца бегам – увогуле стараецца весці здаровы лад жыцця – не курыць, не п’е. Двое яго сыноў таксама не маюць гэтых дрэнных звычак. Адзін з іх таксама займаўся лёгкай атлетыкай, удзельнічаў у спаборніцтвах. Цяпер працуе настаўнікам фізкультуры ў адной з гарадскіх школ. Другі пасля заканчэння лінгвістычнага ўніверсітэта застаўся ў Мінску, працуе ў міжнароднай лагістычнай кампаніі.

Аддзел інфармацыі.

Фота Зоі ХРУЦКАЙ, з асабістага архіва Васіля Лябецкага.