Даша Атрошанка даўно марыла выступіць на “Еўрабачанні”. Цяпер дзяўчынка ў адным кроку ад здзяйснення мары: яна стала фіналісткай рэспубліканскага тура дзіцячага “Еўрабачання”.

Дашы 10 гадоў. Па словах яе мамы, Таццяны Атрошанкі, пра конкурс яны даведаліся праз анонс на тэлебачанні. І вырашылі, што паўдзельнічаць варта – Даша даўно пра гэта марыла. І не проста хацела, але ішла да сваёй мары: ужо шэсць гадоў займаецца ў студыі “Спяваем разам” пад кіраўніцтвам Алены Атрашкевіч, вучыцца ў музычнай школе па класе фартэпіяна.

Даша Атрошанка.

На конкурс яна прапанавала сваю песню “А-а!” – пра сяброўства, пра тое, што ўвесь свет спявае і музыка здольная аб’яднаць усіх. Выконваць песню Дашы дапамагалі бэк-вакалісткі Каця Паўловіч, Арына Кудраўцава, разам з якімі яна займаецца ў студыі. Дыск з запісам адправілі журы.

Арганізатары конкурсу атрымалі 45 заявак на ўдзел. Чацвёра прэтэндэнтаў даслалі па дзве песні – журы выбірала з 49 кампазіцый 10 лепшых.

Песня Дар’і прайшла папярэдні адбор – яе выклікалі на праслухоўванне ў Мінск.

– Мы паехалі ўсёй сям’ёй – Даша, я і тата, – успамінае мама дзяўчынкі. – Хваляваліся ўсе, але нядоўга: па жэрабю Даша выступала першай. Спяваць трэба было “пад мінус” – у суправаджэнні запісанай музыкі.

Бацькі Дашы былі гатовыя да любога выніку. Але іх дачка справілася выдатна – журы назвала яе ў ліку пяці фіналістаў.

– Нам патлумачылі, над чым трэба папрацаваць да фіналу, так што рыхтуемся. Яшчэ будзе група падтанцоўкі, у якую ўваходзяць 10-11-гадовыя дзеці, – расказала Алена Атрошанка.

Фінал рэспубліканскага тура адбудзецца ў Мінску ў верасні гэтага года ў форме гала-канцэрта. Пераможцу будуць вызначаць па выніках тэлефоннага галасавання і галасавання прафесійнага журы. Кожны жыхар нашага рэгіёна сваім званком можа дапамагчы маладзечанскай дзяўчынцы перамагчы і паехаць на Міжнародны дзіцячы конкурс песні “Еўрабачанне–2011”, які адбудзецца ў снежні ў Арменіі.

Святлана ЦІШКО.

Фота Яўгена СТЭЛЬМАХА.