На невялікім участку непадалёк ад Мядзела супрацоўнікі навуковага аддзела Нацпарку “Нарачанскі” і Нацыянальнай акадэміі навук 8 чэрвеня знайшлі новыя папуляцыі раслін, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі.

У навуковым аддзеле Нацпарку расказалі, што супрацоўнікі парку і сектара кадастраў Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Рэспублікі Беларусь ужо шмат гадоў даследуюць стан ахоўных відаў раслін у Нарачанскім рэгіёне. 8 чэрвеня яны выявілі чатыры віды раслін, занесеных у Чырвоную кнігу: ядрушку даўгарогую (кокушник длиннорогий), ятрышнік дрэмлік (ятрышник дремлик), гарычку крыжападобную (горечавка крестообразная), тайнік яйцападобны (тайник яйцевидный). І яшчэ чатыры віды з групы прафілактычнай аховы Чырвонай кнігі: вужоўнік звычайны, гайнік балотны і два віды пальчатакарэнніку.

Ятрышнік дрэмлік.

– Папуляцыі вужоўніку і таемніку аказаліся даволі вялікімі. За гэтым участкам будзе ўстаноўленае назіранне, – адзначыў у інтэрв’ю “РГ” старшы навуковы супрацоўнік Нацпарку Анатоль Караткевіч.

Акрамя таго, супрацоўнікі Інстытута эксперыментальнай батанікі ўзялі ў гербарый некалькі відаў асакі, сярод якіх таксама могуць аказацца рэдкія віды.

Даследаваны ўчастак па колькасці ахоўных відаў раслінаў заслугоўвае таго, каб яму прысвоілі ахоўны статус. З цягам часу на такія ўчасткі выпісваецца пашпарт, яго дасылаюць у раённую інспекцыю аховы прыроды, якая і бярэ яго пад ахову. Блізкасць да горада дасць магчымасць падключыць да ахоўных і навуковых мерапрыемстваў школьныя лясніцтвы.

Святлана ЦІШКО.

Фота ru.balaklava.net.