Пасля павышэння адпускных цэн на мяса на 10 працэнтаў, якое адбылося 25 мая, на маладзечанскім харчовым рынку рознічныя цэны на гэты прадукт чарговы раз не ўзняліся.

Прадаўцы кажуць: куды ўжо болей? Людзі і так сталі менш купляць мяса – не хапае на яго грошай.

Настрой прадаўцоў у мясным павільёне на рынку райспажыўтаварыства ў базарны дзень, сераду, 15 чэрвеня, не назавеш аптымістычным. Гандаль ішоў не бойка, нешматлікія пакупнікі хадзілі паміж радамі, шукаючы, дзе танней.

– Вось хто ў мяне купіць гэту цялячую выразку за 40 тысяч рублёў за кілаграм? – абураецца адна з прадаўцоў. Жанчына адмаўляецца назваць сваё прозвішча для друку, але з крыўдай працягвае расказваць. – Стаю тут ад раніцы. Ніякага гандлю. Няма ў людзей грошай. Не могуць яны дазволіць сабе ялавічыну, якая зараз каштуе 30-35 тысяч. А тыя, хто гадуе жывёлу, таксама ўзнімаюць цэны. Цяпер просяць за бычка жывой вагой па 15 тысяч рублёў за кілаграм. Трэба, каб цэны на мяса ўзраслі так, як узрос курс долара, але тады ўвогуле нічога не прададзім.

Недахопу ў ялавічыне і свініне ў мясным павільёне на маладзечанскім харчовым рынку няма. Асартымент багаты. Вось толькі цэны бянтэжаць як пакупнікоў, так і прадаўцоў.

Свіныя кумпяк і лапатка абыдуцца ў 25-26 тысяч рублёў за кілаграм, шыйнае мяса – 31 тысяча. Прадпрымальнікі кажуць, што купляюць свініну ў фермераў і вяскоўцаў па 10-11 тысяч. Адзін з прадпрымальнікаў расказвае, што павышэнне адпускных цэн на мяса ў Беларусі на 10 працэнтаў ніяк не адбілася на рознічным гандлі.

Цэны на свініну, якія можна было бачыць у сераду на базары, па словах прадаўцоў, трымаюцца ўжо каля месяца, нягледзячы на тое, што пастанова Міністэрства эканомікі №65 ад 27 красавіка аб павелічэнні гранічных адпускных цэн на ялавічыну і свініну ўступіла ў сілу 25 мая.

Прымаючы пастанову, у Мінэканомікі тлумачылі: павелічэнне адпускных цэн звязанае са значным ростам закупачных цэн на буйную рагатую жывёлу і свіней.

Маладзечанскае райспажыўтаварыства закупляе жывёлу жывой вагой у сельскагаспадарчых кааператывах і прыватных людзей. Бычкоў і свіней забіваюць у сваім забойным цэху, закладваюць свае расходы і такім чынам фарміруюць цану. Прадуктам гандлююць на рынку самі, прадаюць яго прадпрымальнікам, забяспечваюць мясам бальніцы і сталовыя.

Начальнік нарыхтовак райспажыўтаварыства Тамара Сянько ў інтэрв’ю нашаму выданню расказала, што, нягледзячы на павышэнне аптова-адпускных цэн, гандаль свінінай і ялавічынай першай катэгорыі як быў стратным для прадпрыемства, так ім і застаўся.

Справа тут у тым, што закупачныя цэны ўзняліся больш, чым гранічныя аптова-адпускныя. Па словах Тамары Сянько, райспажыўтаварыства перад павышэннем і адных, і другіх цэн страчвала на гандлі ялавічынай першай катэгорыі 1 200 рублёў на кілаграме, пасля павышэння страчвае 2 000 рублёў.

Крыху палепшылася сітуацыя са свінінай. Закупачныя цэны засталіся на адным узроўні, а адпускныя павысіліся. Раней на кілаграме свініны першай катэгорыі райспажыўтаварыства страчвала 3 066 рублёў, цяпер страчвае 1 288 рублёў. На рэнтабельны гандаль не выйсці. Больш, чым дазволіў урад, адпускныя цэны ўзнімаць нельга.

Нягледзячы на павышэнне гранічных адпускных цэн на мяса, не змяніліся рознічныя цэны на гэты прадукт у сельскагаспадарчым прадпрыемстве “Стэка-гандаль”, што ў Хажове. Прадавец Валянціна Гумаш расказвае: ужо каля трох тыдняў сала ў нас каштуе 13 900 рублёў, кілбаса – 17 560, фарш – 16 700, рагу – 6 500.

Тым часам некаторыя прадпрыемствы, якія гадуюць свіней, пачынаюць адмаўляць у продажы мяса прадпрымальнікам. Дырэктар прыватнага прадпрыемства “Руно-Віні” Павел Глінскі летась купляў свіныя тушы на Смаргонскім камбінаце хлебапрадуктаў. Аплата за тавар была па факце яго рэалізацыі на рынку.

Павел расказвае, што сёлета камбінат хлебапрадуктаў патрабуе папярэднюю аплату. Гэта не задавальняе прадпрымальніка, і ён адмовіўся ад супрацоўніцтва. Прыйшлося сёлета адмовіцца і ад свініны сельгаспрадпрыемства “Дынама-Акдзімол”, што ў Хажове. Тут іншая прычына. На прадпрыемстве кажуць, што прадукцыі ў іх цяпер не хапае.

Мяса ў Маладзечна дырэктар “Руно-Віні” зараз возіць са сталічных свінаферм. Павел Глінскі пацвердзіў: адпускная цана ў Мінску павысілася на 10 працэнтаў, але сваю рознічную Павел павышаць не будзе.

– Калі я гэта зраблю, то не прадам, а згнаю купленае ў аптавікоў мяса, – сказаў прадпрымальнік у інтэрв’ю “РГ”.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота Сяргея ЗЯНЬКО.