З трох камандаў нашага рэгіёну, якія ўзялі ўдзел у 1/32 Кубка Беларусі па футболе 15 і 16 чэрвеня, толькі футбольны клуб “Смаргонь” выйшаў у наступны раунд спаборніцтваў, 1/16 фіналу.

Маладзечанская “Забудова” 16 чэрвеня прайграла ў гасцях слонімскаму “Белтрансгазу”. Гэта другое сёлета паражэнне маладзечанцаў ад слонімскай каманды. Нагадаем, што ў шостым туры чэмпіянату 5 чэрвеня наша каманда дома пацярпела ад “Белтрансгазу” разгромнае паражэнне з лікам 0:9.

У кубкавай сустрэчы футбалісты “Забудовы” забілі першымі. Мяч у вароты саперніка на 26 хвіліне адправіў правы паўабаронца Віталь Макрыцкі. Гаспадары адыграліся на 37 хвіліне. Першы тайм завяршыўся з нічыйным лікам 1:1.

У другой палове сустрэчы на 60 хвіліне Слонім выйшаў наперад – 2:1. А на апошняй хвіліне асноўнага часу гульні гаспадары забілі трэці мяч – 3:1. Калі б маладзечанцы выйгралі гэты матч, па выніках жараб’ёўкі ў 1/16 фіналу на сваім стадыёне яны прымалі б наваполацкі “Нафтан”, які цяпер займае трэцяе месца ў вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі. Але мы саступілі, і “Нафтан” паедзе ў Слонім.

Даволі дастойна 15 чэрвеня правяла сваю кубкавую сустрэчу чысцінская “Забудова-2007”. На гарадскім стадыёне каманда Маладзечанскага раёна прапусціла ад каманды першай лігі “ДБК-Гомель” усяго два галы. Першы мяч гамяльчане забілі на 6 хвіліне, і мінімальны лік 0:1 трымаўся да канца гульні. Толькі на 87 хвіліне матча госці здолелі вызначыцца другі раз – 0:2.

Футбольны клуб “Смаргонь” ездзіў у госці да “Энергетыка” з Новалукомля, які выступае ў чэмпіянаце Віцебскай вобласці. Смаргонцы не пакінулі гаспадарам аніякіх шансаў. Вынік – 6:0 на нашу карысць. На 24 хвіліне лік адкрыў Аляксандр Даўгілевіч. Сяргей Траскевіч праз сем хвілін падвоіў яго. Пасля гэтага з інтэрвалам у дзве і чатыры хвіліны Мікалай Фастаў афармляе свой дубль і даводзіць лік да 4:0. Яшчэ ў першым тайме той жа Даўгілевіч забіў пяты гол. Аляксандр вызначыўся на 40 хвіліне. Канчатковую кропку ў гульні на 76 хвіліне паставіў Аляксандр Лужанкоў – 6:0.

Жараб’ёўка 1/16 фіналу Кубка Беларусі па футболе прайшла 17 чэрвеня. Па яе выніках, “Смаргонь” згуляе дома з гродзенскім “Нёманам”. Гродзенцы цяпер займаюць дзясяты радок турнірнай табліцы ў вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі. Гульня павінна прайсці ў сераду, 29 чэрвеня.

Вілейская “Вілія”, па словах капітана віляйчан Алега Гулевіча, адмовілася ад удзелу ў Кубку Беларусі з-за таго, што футбалісты занятыя на сваіх асноўных месцах працы, а спаборніцтвы праходзяць у рабочыя дні.

Сяргей ЗЯНЬКО