Як сказаў арганізатар мерапрыемства Уладзімір Шаблінскі, “перанос звязаны з тым, што міліцыя Валожынскага раёна ў святочныя дні будзе задзейнічана ў забеспячэнні бяспекі ў Мінску і таму не зможа працаваць на фестывалі”.

“Перанесці мерапрыемства на нейкі невялікі тэрмін мы не можам, бо графік запрошаных артыстаў, тэхнічных і бытавых службаў распісаны як мінімум на месяц наперад, – сказаў ён. – У выніку, каб забяспечыць высокі ўзровень музычнай праграмы і абслугоўвання на пляцоўцы, мы пераносім яго на канец жніўня. Кошт білетаў застанецца сімвалічным (20 тыс. рублёў. – БелаПАН.)”.

Арганізатар растлумачыў, што новая дата правядзення фестывалю і яго ўдакладненая праграма з’явіцца максімум праз два тыдні.

Фестываль “Вольнае паветра”, які неафіцыйна ўжо некалькі гадоў збірае разам беларускіх этнамузыкантаў, сёлета набудзе прынцыпова новы фармат. Яго сутнасць, як сказаў арт-дырэктар фестывалю Аляксандр Багданаў, заключаецца ў тым, што на фестывалі не будзе хэдлайнераў (самых чаканых удзельнікаў мерапрыемства). “Мы не робім аднаго хэдлайнера, каб людзі не прыязджалі толькі на яго дзеля гучнага імя, а прыехалі пачуць новую музыку і пазнаёміцца з актуальнымі тэндэнцыямі сучаснай этнікі”, – сказаў ён.

Як адзначылі ў прэс-службе мерапрыемства, удзел у музычным свяце возьмуць артысты з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы і Сербіі, якія “ў сваёй творчасці спалучаюць сучасную музыку і аўтэнтычную культуру розных краін свету”.

Выступленні пройдуць на дзвюх канцэртных сцэнах. Акрамя гэтага,арганізатары прадугледзелі некалькі дадатковых пляцовак з дзіджэямі, а таксама кінатэатр пад адкрытым небам. Госці фестывалю змогуць паўдзельнічаць у розных гульнях і забавах.

На месцы правядзення мерапрыемства будзе арганізаваны паўнацэнны сэрвіс – “ад туалетаў да харчавання і палатачнага гарадка”, паведамілі ў прэс-службе фестывалю.

Паводле БелаПАН.

Фота gazetaby.com