Каля вёскі Маліноўшчына 17 ліпеня супрацоўнік райаддзела міліцыі, які быў у цывільным адзенні і не знаходзіўся на службе, спыніў п’янага вадзіцеля аўтамабіля “Масквіч”. Праз некаторы час пасля інцыдэнту гаспадар “Масквіча” заявіў, што міліцыянер пабіў яго.

У гісторыі разбіраўся дзяжурны пракуратуры, памочнік пракурора Маладзечанскага раёна Вадзім Бярозкін. У інтэрв’ю нашаму выданню ён расказаў: здарэнне адбылося каля 17 гадзін. Па словах міліцыянера, ён бачыў, як “Масквіч” рухаецца на вялікай хуткасці і віляе па дарозе. Супрацоўнік райаддзела міліцыі ехаў разам са сваёй жонкай і яе сяброўкай. Ён “падрэзаў” легкавушку, вымусіў вадзіцеля спыніцца, пасля выклікаў работнікаў дзяржаўтаінспекцыі.

Даішнікі склалі пратакол і адправілі машыну на штрафную аўтастаянку. Вадзіцель “Масквіча” спачатку звярнуўся ў паліклініку, а потым – у дзяжурную часць аддзялення ўнутраных спраў на транспарце, дзе паскардзіўся, што яго пабіў міліцыянер. Транспартная міліцыя выклікала дзяжурнага пракуратуры Вадзіма Бярозкіна.

Па словах памочніка пракурора, шафёр “Масквіча” прызнаецца, што ехаў п’яны за рулём. Кажа: выпіў бутэльку гарэлкі, пасля чаго тэрмінова прыйшлося сесці за руль. Твар у яго сапраўды быў крыху пабіты.

Міліцыянер, які затрымліваў нецвярозага кіроўцу, адмаўляе, што біў яго. Па версіі работніка міліцыі, вадзіцель “Масквіча” мог сам ударыцца тварам у руль, калі яму прыйшлося рэзка спыніць машыну.

Пракуратура праводзіць праверку па факце здарэння.

Сяргей ЗЯНЬКО.