− Я помню з дзяцінства, што бацька заўсёды нечым займаўся, нешта майстраваў, − узгадвае яго трэцяя дачка Соф’я Варатніцкая. − Гэта было неяк спантанна: прыйдзе ў галаву думка − і ён пачынае маляваць алоўкам ці вуглём або ляпіць з гліны. І не вучыўся ж нідзе, неяк само да яго прыходзіла мастацтва і майстэрства.

Дом, у якім жыў народны майстар з Івянца Апалінарый Пупко, цяпер стаў домам-музеем і адкрыты для наведвання.

Роспіс на сценах, драўляныя скульптуры, шматлікія малюнкі − так упрыгожваў свой дом Апалінарый Пупко.

Яна расказвае, што майстар лічыў малодшую дачку сваёй спадкаемніцай, якая будзе захоўваць усё нажытае бацькам. І быў засмучаны, калі тая вышла замуж за ваеннага. Пасля смерці Апалінарыя Пупко яго жонка Леанарда прадала большасць карцін маладзечанскаму музею. А калі пайшла з жыцця і Леанарда, дом два гады стаяў без гаспадара.

− Мой муж Генадзь проста загарэўся ідэяй аднавіць дом, − гаворыць дачка майстра. − Я ў гэта не вельмі верыла. Давялося пераехаць з Гомеля сюды, жывём у двух пакоях, тры адвялі пад экспазіцыі. У гэтым доме вырасла і я, і мой бацька. Дому не менш за паўтара стагоддзя, а паставіў яго яшчэ мой дзед, які будаваў касцёлы, меў царскі атэстат па ганчарнай справе.

Такая форма ўласнасці, як прыватны музей, заканадаўствам не прадугледжаная. Таму аб’ект зарэгістравалі як аграсядзібу “Дом-музей Апалінарыя Пупко” ў чэрвені. Каб адпавядаць статусу, гаспадары ўладкоўваюць комплексны адпачынак − упрыгожваюць сад, прадумваюць забавы. Але галоўнае − падтрымліваюць дом у добрым стане.

Дачка прыгадвае, што майстар чым толькі не цікавіўся, увесь час быў нечым заняты. Выразаў з дрэва скульптуры людзей, жыццёвыя сцэнкі. Працаваў столькі, што яго работамі была застаўленая ўся хата. Маляваў алоўкамі, фарбамі, вуглём, ляпіў з гліны. Разьбой упрыгожыў дом знутры і звонку, аздобіў драўлянымі скульптурамі падворак.

І распісаў усю хату малюнкамі на міфалагічныя і рэлігійныя тэмы, нават падлогу. Ахвотных паглядзець на незвычайную хату ў свой час было столькі, што роспіс на падлозе захаваць у добрым стане не ўдалося.

Майстар быў перакананым атэістам, а яго жонка Леанарда − вельмі рэлігійная. І калі Апалінарый Пупко ўжываў у творчасці біблейскія сюжэты, то ўспрымаў іх як міфы. Але па просьбе жонкі распісаў чырвоны куток у хаце абразамі.

Леанардзе вельмі падабалася, што муж так захапляецца мастацтвам. І сама яна  таксама была майстрыхай, займалася рукадзеллем у самых розных тэхніках.

У Апалінарыя Пупко быў вельмі дрэнны зрок, з-за якога майстра не прызывалі ў армію. Расказваў, як некаторы час у яго доме жыў прыемны мужчына, у якім мастак праз некаторы час пазнаў у газетным артыкуле Фрунзе. Для яго была вельмі дарагая памяць аб гэтым дзеячы, які ўзяў мастака на некаторы час пісарам. Потым мастак усё жыццё збіраў газетныя выразкі аб начальніку мінскай міліцыі і адлюстроўваў яго выяву ў мастацкіх работах.

З-за дрэннага зроку майстар рана выйшаў на пенсію. Займаўся садам, шмат чытаў − у бібліятэцы яго абанемент заўсёды быў №1. Разам з аднавяскоўцамі ладзіў спектаклі − быў і рэжысёрам, і акцёрам, і дэкаратарам.

− Раней дом-музей праходзіў праз турыстычны маршрут, − гаворыць Соф’я Варатніцкая. − І падарожнікі, якія ехалі ў Дзержынова паглядзець на дом “жалезнага Фелікса”, заходзілі і сюды, у дом івянецкага майстра. А цяпер наш адноўлены музей за месяц прыняў толькі адных гасцей. Спадзяёмся, што з цягам часу турыстаў зноў зацікавіць дух народнага беларускага ўмельства і мастацтва.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота забяспечана Соф’яй ВАРАТНІЦКАЙ.

Даведка “РГ”. Апалінарый Пупко − самабытны мастак, рэзчык па дрэве, народны майстар. Нарадзіўся ў 1893 годзе ў Івянцы. З дзяцінства маляваў, майстраваў. Прафесійнай мастацкай адукацыі не атрымаў. Працаваў настаўнікам малявання і чарчэння. У 1984 годзе пайшоў з жыцця.

Міхаіл Фрунзе − рэвалюцыянер, савецкі ваенны і дзяржаўны дзеяч, адзін з буйных военачальнікаў Чырвонай Арміі. Нарадзіўся ў 1885 годзе, малдаванін. 4 сакавіка 1917 года прызначаны начальнікам міліцыі ў Мінску, гэтая дата стала днём нараджэння беларускай міліцыі.