Двух хлопчыкаў, якія танулі 17 ліпеня ў рэчцы Рыбчанка, што каля вёскі Сычавічы Граніцкага сельсавета, выцягнуў з вады 17-гадовы Аляксей Козел, жыхар Гранічаў.

Інспектар групы прапаганды і навучання гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Марына Ермакова расказала ў інтэрв’ю “РГ”: паведамленне пра тое, што ў Рыбчанцы тонуць два хлопчыкі, паступіла на пульт выратавальнікаў у 15 гадзін 54 хвіліны. Пазванілі людзі, якія адпачывалі на рэчцы.

На месца здарэння выехалі падраздзяленні хуткай медыцынскай дапамогі выратавальнікаў. Калі прыехалі, хлопчыкі ўжо былі на беразе ў непрытомным стане. Медыкі правялі рэанімацыйныя мерапрыемствы, і пацярпелыя прыйшлі ў прытомнасць, іх адвезлі ў бальніцу.

Выратавальнікі ўстанавілі: два хлопчыкі 15 і 12 гадоў і 12-гадовая дзяўчынка, жыхары Мінска і Мінскага раёна, на канікулах адпачывалі ў бабуль і дзядуляў. 17 ліпеня пайшлі гуляць на Рыбчанку. Дзеці вырашылі перайсці рэчку праз апушчаныя шлюзы дамбы.

Меншы хлопчык не ўтрымаўся на нагах, паслізнуўся і ўпаў у ваду. Большы кінуўся яго ратаваць, але выплыць не маглі ні адзін, ні другі. Дзяўчынка, якая засталася на шлюзе, пачала крычаць і клікаць на дапамогу. Людзі, якія адпачывалі на беразе, пазванілі выратавальнікам, а адна дзяўчына патэлефанавала свайму знаёмаму Аляксею Козелу, які знаходзіўся ў Сычавічах.

Па словах Марыны Ермаковай, праз тры хвіліны Аляксей быў на месцы і выцягнуў з вады пацярпелых. Цяпер іх жыццю нічога не пагражае.

Сяргей ЗЯНЬКО.