Валожыншчына запрашае турыстаў на “зялёнае” паляванне.

Валожыншчына апрабоўвае Праект праграмы развіцця ААН і Глабальнага экалагічнага фонду, які павінны забяспечваць захоўванне біяразнастайнасці.

Сёння мы пагаворым пра тое, як будзе рэалізоўвацца гэты праект.

Што гэта за праект?

Праект “Інтэграцыя пытанняў захоўвання біяразнастайнасці ў палітыку і практыку тэрытарыяльнага планавання ў Беларусі” рэалізуецца Праграмай развіцця ААН і Глабальным экалагічнным фондам. Нацыянальны выканаўца праекта − Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі.

Галоўная мэта праекта − уключэнне пытанняў біяразнастайнасці ў тэратарыяльнае планаванне краіны. Рэалізоўваць яго пачалі ў студзені 2010 года.

Чаму гэта важна?

У значнай ступені захоўванне біяразнастайнасці забяспечвае нацыянальная сістэма асабліва ахоўных прыродных тэрыторый. Яны займаюць амаль восем працэнтаў тэрыторыі краіны. Але большая частка прыродных экасістэм Беларусі знаходзіцца па-за межамі гэтых тэрыторый.

Вучоныя падлічылі, што больш за чвэрць відаў дзікіх жывёлаў і раслін, якія ўключаныя ў Чырвоную кнігу Беларусі, існуюць у змененым чалавекам ландшафце.

Каб іх захаваць, тэрытарыяльнае планаванне павінна быць экалагічна збалансаваным. Гэта значыць, што пры выбары месца для размяшчэння нейкага аб’екта, вядзенні сельскай ці лясной гаспадаркі неабходна забяспечваць устойлівае функцыянаванне экасістэм.

Што атрымаецца ў выніку

У межах праекта для 10 адміністрацыйных раёнаў Беларусі распрацоўваюцца схемы землеўпарадкавання. Гэтыя 10 пілотных раёнаў былі выбраныя так, каб з-за сваіх сацыяльных, эканамічных і прыродных умоў досвед, атрыманы там, стаў універсальным. Ён будзе распаўсюджаны яшчэ ў 40 раёнах. Гэта дазволіць забяспечыць доўгатэрміновую падтрымку слабых экасістэм на 36% тэрыторыі Беларусі.
Што датычыцца нарматыўнай сферы, то ў межах праекта распрацоўваецца шэраг дакументаў, якія прынцыпова важныя для захоўвання біяразнастайнасці. Да канца тэрміну яго рэалізацыі, 2014 года, плануецца перадаць пад ахову землекарыстальнікаў не менш за тысячу месцазнаходжанняў рэдкіх відаў жывёл і раслін, і тых, што знаходзяцца пад
пагрозай знікнення.

Што ўжо зроблена?

Галоўны вынік, якога мы дасягнулі на цяперашні час, − распрацоўка схем землеўпарадкавання Валожынскага раёна і Карэліцкага Гродзенскай вобласці.

Першым этапам распрацоўкі схемы стала інвентарызацыя біяразнастайнасці. У Валожынскім раёне ўстанавілі знаходжанне 39 відаў дзікіх жывёл і 42 відаў дзікарослых раслін, якія ўключаныя ў Чырвоную кнігу. Для 79 месцазнаходжанняў падрыхтаваныя ахоўныя абавязкі.

Патрабаванні па ахове гэтых відаў павінны ўлічвацца пры вядзенні гаспадаркі Валожынскага лясгаса, а таксама іншымі землекарыстальнікамі.

Што дасць рэалізацыя гэтых схем?

Рэалізацыя схемы землеўпарадкавання Валожынскага раёна дазволіць больш эфектыўна выкарыстоўваць і ахоўваць яго тэрыторыю. Дзякуючы таму, што пры распрацоўцы схем улічваюцца агульныя прынцыпы землеўпарадкавання і вынікі комплекснага вывучэння раёна, іх выкарыстанне дае магчымасць удасканаліць адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел раёна і структуру землекарыстання.

Але галоўнае − вынік адчуюць і мясцовыя жыхары. Праект дазволіць аптымізаваць гаспадарчую дзейнасць насельніцтва, палепшыць экалагічныя і санітарна-гігіенічныя ўмовы жыцця.

Таксама ў межах праекта былі падрыхтаваныя некаторыя дакументы. Па-першае, гэта планы дзеянняў па захоўванні васьмі відаў дзікіх жывёл і дзікарослых расліны, уключаных у Чырвоную кнігу. Гэта вялікі бугай, сіваграк, дупель і іншыя. Па-другое, былі распрацаваныя патрабаванні па ахове рэдкіх відаў дзікіх жывёл і раслін, і тых, што знаходзяцца пад пагрозай вымірання.

Дзякуючы праекту зрабілі адкрыцці

Вельмі важным вынікам стала выяўленне ў Беларусі і апісанне рэдкіх біятопаў еўрапейскага значэння, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення. У  Беларусі гэта першы вопыт вывучэння біятопаў. Цяпер у нас ёсць навуковая аснова пачатку далучэння да Бернскай канвенцыі.

У Валожынскім раёне выявілі 10 тыпаў біятопаў міжнароднай і нацыянальнай значнасці аховы, агульная іх плошча 2800 гектараў. Пры распрацоўцы схем землеўпарадкавання Валожынскага раёна ўлічваюць і патрабаванні па захоўванні біятопаў.

Арганізацыя палявання

У межах праекта падрыхтаванае навуковае абгрунтаванне арганізацыі арніталагічных тураў на Валожыншчыне. Гэта назіранне за глушцом і цецеруком на такавішчы і іншымі відамі паляўнічых птушак.

Цяпер лясгас атрымлівае грошы за ліцэнзіі на паляванне. Гэта можна назваць “разавай” выгадай. А мы прапаноўваем арганізоўваць туры па назіранні за птушкамі, што дае магчымасць прыцягваць турыстаў і ў той жа час не ствараць пагрозу птушкам.

Як будзе адбывацца назіранне

Яго яшчэ называюць экалагічным турызмам ці “зялёным” паляваннем. Гэта вельмі папулярна ва ўсім свеце, асабліва ў Заходняй Еуропе. Такое паляванне арыентаванае на назіранне за птушкамі, а не на іх адстрэл. Таму выбралі найбольш значны па­ляўнічы від птушак − глушца. Паляваць на яго дазволена па ліцэнзіях, а вось ў большасці краін Еўропы гэта птушка ўключаная ў спіс ахоўных відаў. У другой палове XX стагоддзя заходнееўрапейскі падвід зменшыўся ў дзесяць разоў. Знішчэнне нават адной птушкі адчуваецца на ўсёй папуляцыі.

Цяпер на тэрыторыі Валожынскага лясгаса якраз вядуцца работы па арганізацыі “зялёнага” палявання на глушца і іншых паляўнічых птушак. У межах праекта правялі даследаванні па размеркаванні такавішчаў, ацанілі іх стан. Па гэтых дадзеных выбралі тое, якое найбольш падыходзіць, далі рэкамендацыі па яго абсталяванні, тэрмінах і парадку назірання.

Туры экалагічнага палявання

Плануем арганізаваць назіранні на ўчастку ля поймы ракі Іслач за шлюбнымі паводзінамі рабчыка, за глушцом. Месцы вызначаныя, маршруты нанесеныя на планы лесанасаджэнняў.

“Зялёнае” паляванне стане папулярным

Напрыклад, глушцовае такавішча − гэта найскладанейшы ўзнаўленчы механізм. Ён створаны і адшліфаваны натуральным адборам. Гэты механізм забяспечвае не толькі сустрэчу і працэс спарвання, але, што асабліва важна, генетычную чысціню і высокую якасць папуляцыі.

Калі на такавішча трапляе чалавек з ружжом, то ён не толькі пужае птушак, але і перашкаджае шлюбным паводзінам самцоў і забівае лепшых. З-за гэтага знішчаюцца самыя актыўныя самцы, і пачынаецца хуткае выраджэнне папуляцыі.
Менавіта да такога выніку прыводзіць рамантычнае, авеянае ледзь не стогадовымі легендамі вясеннее паляванне на такавішчы.

Пры гэтым такое па­ляванне − адна з крыніц даходаў паляўнічых гаспадарак. І калі гаспадаркі ладзяць паляванне, то клапоцяцца пра тое, каб гэтых жывёл было шмат.

Выдатнай альтэрнатывай можа стаць “зялёнае” паляванне. Яго ўдзельнік вынесе значна больш уражанняў, ведаў і трафеяў у выніку відэа- і фотаздымкі. З правільна абсталяваных назіральных пунктаў можна доўгі час атрымліваць асалоду ад назірання за таінствам шлюбных паводзінаў глушцоў на такавішчы. Гэтага не атрымаюць звычайныя паляўнічыя. Пасля выстралу на іх руках застаецца толькі мёртвая птушка, назаўсёды пазбаўленая ўдзелу ў жыцці такавішча.

Ірына НОВАК, спецыяліст праекта па сувязях з грамадскасцю.

Фота Віктара КАЗЛОЎСКАГА.