Упершыню астраўчане падчас дыскатэкі танцавалі ў пене з водарам лімона. Незвычайнае пеннае шоу адбылося ў суботу, 23 ліпеня, у танцавальнай зале “Галактыка”.

У зале сабралася каля 300 чалавек, якія танцавалі пад музыку ды-джэяў Хакер і Сноў.

Усяго былі тры выстралы пены са спецыяльнай пушкі. На кожны выстрал пайшло 200 літраў вады плюс гіпаалергенны канцэнтрат духмянай пены. Пасля выстралу танцоры былі ў пене па плечы, потым тая паступова спадала, і праз гадзіну адбываўся новы выстрал.

Па словах дырэктара раённага Дома культуры Святланы Куцько, пеннае шоу для астраўчан ладзяць не першы год, і пастаянна шукаюць нешта новае. У чэрвені, напрыклад, пенныя залпы чаргавалі са штучным снегам. А да жнівеньскай дыскатэкі ў “Галактыцы” падрыхтуюць канфеці.

Зоя ХРУЦКАЯ.