Нарматывы на карыстанне вадой могуць увесці ў Беларусі. Ёсць праект пастановы ўрада, паводле якога людзям будзе выдзяляцца пэўная колькасць вады па цяперашнім ільготным кошце. За ўсю ваду, якая будзе скарыстаная звыш нормы, давядзецца заплаціць па поўным кошце.

Гэта тычыцца тых, хто мае лічыльнікі, а такіх абсалютная большасць. Людзей, якія іх не маюць, змяненні не будуць датычыцца, бо яны як плацілі па поўнай цане, так і будуць плаціць з разліку 0,26 кубаметра (260 літраў) за суткі на чалавека – каля 20 000 рублёў за месяц.

Тое, што праект пастановы існуе, пацвердзіў у інтэрв’ю нашаму выданню начальнік упраўлення камунальнай гаспадаркі і энергетыкі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Анатоль Шагун. Аднак ад прагнозаў па тэрмінах прыняцця гэтай пастановы Анатоль Шагун адмовіўся.

– Лічу, што заўчасна пакуль абмяркоўваць гэту тэму, – кажа суразмоўца “РГ”. – Пастанова павінна прайсці ўзгадненне з Прэзідэнтам, як любое пытанне па змяненні тарыфаў. Цяпер я не бачу сэнсу ўзнімаць гэта пытанне з тарыфамі. Магчыма, пастанова сёлета ўвогуле не будзе зацверджаная.

Але, калі тарыфы ўсё ж будуць змененыя, людзі, якія будуць спажываць столькі ж вады, як цяпер, плаціць за яе больш не стануць.

Змадэліруем сітуацыю, узяўшы сярэднюю сям’ю з чатырох чалавек, якая жыве ў добраўпарадкаванай кватэры з ваннай, туалетам і мае лічыльнік расходу вады.

Паводле інфармацыі разліковай групы маладзечанскага прадпрыемства “Водаканал”, цяпер спажывец з лічыльнікам за 1 кубічны метр вады плаціць 709,5 рублёў. Гэта льготная расцэнка. Поўны (ці эканамічна абгрунтаваны) кошт кубаметра складае 2 545,9 рублёў.

На “Водаканале” паведамілі, што ў сярэднім маладзечанская сям’я з чатырох чалавек за месяц расходуе 15 кубаметраў вады. Памнажаем 709,5 на 15. Атрымліваем 10 642,5 рубля. Гэта цяпер.

Як стала вядома “РГ”, калі пастанову зацвердзяць, можа быць уведзеная норма 0,13 кубаметра (130 літраў) за суткі на чалавека. Нарматыў на сям’ю з чатырох чалавек складзе 15,6 кубаметра за месяц. Як бачым, гэта лічба нават большая за сярэднюю па спажыванні вады маладзечанскай сям’ёй цяпер.

Такім чынам, больш плаціць мы не станем, калі, канешне, не станем расходаваць больш вады, а норма не будзе меншай за 0,13 кубаметра за суткі на аднаго чалавека.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота www.sovposters.ru.