Рэвізоры міжраённага камітэта дзяржаўнага кантролю правялі пазапланавую аператыўную праверку магазінаў Маладзечанскага райспажыўтаварыства.

Было праверана 11 магазінаў. У рабоце кожнага з іх кантралёры знайшлі парушэнні.

Вядучы спецыяліст камітэта Аляксандр Яблонскі паведаміў “РГ”: у ходзе кантрольных мерапрыемстваў рэвізоры знайшлі ў магазінах тавары неналежнай якасці і пратэрмінаваныя прадукты ў васьмі з адзінаццаці магазінах. На агульную суму больш за 280 тысяч рублёў.

Дрэннай якасці былі кілбасныя і хлеба-булачныя вырабы, сыры цвёрдыя і плаўленыя, масла, віно і іншае. Гэтыя прадукты кантралёры знялі з рэалізацыі.

На паліцах магазіна №2 у Лебедзеве няякасных і пратэрмінаваных тавараў ляжала на суму больш за 90 тысяч рублёў. Тут была кілбаса з цвіллю і надзьмутай абалонкай. У магазіне №47 у Крыніцы пладовае віно, плаўлены сыр, масла, усяго на суму больш за 80 тысяч рублёў, былі непрыдатныя да ўжывання.

У Турэц-Баярах, у магазіне №29 прадавалі пратэрмінаваны хлеб і плаўлены сыр на суму больш за 70 тысяч рублёў.

Згодна з Законам аб абароне правоў спажыўцоў, рэалізацыя тавараў з прайшоўшым тэрмінам прыдатнасці і тэрмінам захоўвання забароненая.

Акрамя гэтага, у большасці магазінаў прадаваліся кілбасы, паўфабрыкаты з мяса птушкі і сыры без інфармацыі аб даце іх вырабу і тэрмінах рэалізацыі.

Ёсць праблемы і з абавязковым асартыментным пералікам. У магазіне ў Турэц-Баярах не прадаваліся алей, сыр, агуркі, памідоры і мясныя паўфабрыкаты. У Беніцы пакупнікам не маглі прапанаваць мяса, пельмені, рыбу халоднага і гарачага вэнджання.

Па ўсіх фактах парушэнняў міжрайкамітэт дзяржкантролю прыцягне да адказнасці работнікаў магазінаў. Кантроль за станам спажывецкага рынку будзе прадоўжаны.

Аляксандр Яблонскі заклікае пакупнікоў звяртаць увагу на цану, знешні выгляд тавараў і наяўнасць этыкетак з тэрмінамі захоўвання і рэалізацыі. Пакупнік мае права патрабаваць ад прадаўца дакументы на тавар, якія пацвярджаюць яго якасць.

Сяргей ЗЯНЬКО.