На чыгуначнай станцыі Алёхнавічы сёння, 15 жніўня, у 6 гадзін 50 хвілін пасажырскі цягнік Рыга – Мінск сутыкнуўся з аўтамабілем “Аўдзі-100”. На дзве гадзіны 11 хвілін рух цягніка быў затрыманы.

Начальнік лінейнага пункта транспартнай міліцыі на станцыі Уша Анатоль Дабранскі паведаміў нашаму выданню: “Аўдзі-100” выехала на пераезд на забараняльныя сігналы гукавой і светлавой сігналізацыі.

31-гадовы вадзіцель аўтамабіля, жыхар Алёхнавічаў, атрымаў траўмы – шматлікія раны галавы, рэзаная рана правага вуха, удары лба і носа. Яго даставілі ў бальніцу. Цеплавоз цягніка і машына атрымалі тэхнічныя пашкоджанні.

Акрамя затрымкі больш як на дзве гадзіны руху цягніка Рыга – Мінск, быў затрыманы рух іншых цягнікоў: Вільня – Мінск – на пяць хвілін, двух электрычак Маладзечна – Мінск – на гадзіну і яшчэ адной электрычкі – на 23 хвіліны.

Па факце здарэння праводзіцца праверка. Падлічваецца шкода, нанесеная Беларускай чыгунцы з-за затрымкі руху цягнікоў.

Сяргей ЗЯНЬКО.