А палове пятай гадзіны раніцы 14 жніўня на пульт выратавальнікаў паступіла паведамленне аб пажары ў жылым доме на вуліцы Заслонава ў Івянцы. Гарэў дом шматдзетнай сям’і. Гаспадароў у гэты час на месцы не было.

Дом належаў сям’і, у якой трое дзяцей. Адно дзіця – інвалід, расказала ў інтэрв’ю “РГ” інспектар дзяржаўнага пажарнага нагляду райаддзела па надзвычайных сітуацыях Алёна Корсакава. Гэтай ноччу сям’я гасцявала ў Сугваздах у маці гаспадыні.

Калі пажарныя прыехалі на месца здарэння, дах гарэў адкрытым полымем. У цагляным доме памерам 8 на 12 метраў было моцнае задымленне. У выніку пажару дах быў знішчаны на ўсёй плошчы, столь абрынулася ўнутр. Пакоі выгаралі знутры.

Папярэдняя прычына ўзгарання – прамы ўдар маланкі. Па словах Алёны Корсакавай, цяпер для жылля дом непрыдатны. 46-гадовы гаспадар збіраецца адбудоўваць яго нанова. Інспектар кажа, што раённыя ўлады павінны дапамагчы пагарэльцам справіцца з бядой.

Сяргей ЗЯНЬКО