Рабіць прышчэпку ад грыпу лепш ад другой паловы верасня да пачатку снежня. Пра гэта нагадала Міністэрства аховы здароўя ў сваім прэс-рэлізе аб гатоўнасці арганізацый аховы здароўя  да эпідэмічнага сезона захваральнасці вострымі рэспіраторнымі захворваннямі.

Уздым захваральнасці ў Беларусі чакаецца сёлета ў характэрныя для нашай краіны тэрміны – канец студзеня–пачатак лютага. Для стварэння паўнавартаснай абароны пасля прышчэпкі арганізму неабходна ад двух тыдняў да месяца – у гэты час выпрацоўваюцца антыцелы. Іх абарончы ўзровень захоўваецца да шасці-васьмі месяцаў, затым іх колькасць хутка зніжаецца. Таму рабіць прышчэпку раней сярэдзіны верасня не рэкамендуецца.

На гэты год плануецца вакцынаваць каля 3 мільёнаў чалавек, у тым ліку за кошт рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў – каля 2 мільёнаў 455 тысяч чалавек.

Вакцына, закупленая за бюджэтныя сродкі пачне паступаць у амбулаторыі і паліклінікі ў пачатку верасня.

Бясплатнай імунізацыі падлягаюць асобы з высокай рызыкай  развіцця ўскладненняў пасля грыпу.

Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, аптэкі, бальніцы, паліклінікі і дыягнастычныя лабараторыі гатовыя да эпідэмічнага ўздыму захваральнасці.

Падрыхтавала Святлана ЦІШКО.