Прыйшла сёння на базар, хацела купіць памідораў і перцаў. Прыгледзела сабе прыгажэйшых, падыходзіць ужо мая чарга. Толькі збіраюся набраць памідорак са скрыні, дык прадаўшчыца як накінулася на мяне. Кажа, што я не маю права сама выбіраць прадукты. Як гэта я не магу сама набраць тое, што купляю?

Ванда Канстанцінаўна, Маладзечна.

Адказвае старшыня Маладзечанскай арганізацыі абароны правоў спажыўцоў Уладзімір Клешч:

− Згодна з правіламі рознічнага гандлю, сам пакупнік не мае права набіраць са скрыні прадукты на вагі ці ў пакет. Нават, калі яго рукі, напрыклад, у пяльчатках. Пакупнік можа быць хворым і пакінуць інфекцыю на прадуктах, якая потым перадасца наступным спажыўцам.

Набіраць прадукты мае права толькі сам прадавец. Яму дае на гэта дазвол наяўнасць медыцынскай кніжкі, у якой ёсць адпаведны запіс.

Аднак пакупнік мае права казаць прадаўцу, якія канкрэтныя прадукты яму пакласці ў пакет.

Зоя ХРУЦКАЯ.