Тыповы беларускі пейзаж, які захапіў яго яшчэ ў дзяцінстве, і па сённяшні дзень з’яўляецца галоўным героем твораў Аляксандра Грышкевіча.

На яго палотнах тое, што мы бачым вакол сябе штодня: дрэвы, неба, дарогі.

У сваёй майстэрні.

Аляксандр Грышкевіч.

− Маляваць вы пачалі з дзяцінства?

− Так, але спачатку маляваў людзей – суседзяў, сваякоў, – а не кусты, як цяпер (смяецца). Зараз я людзей не малюю, нават у якасці стафажу. Лічу, што паміж гледачом і маёй работай павінен быць дыялог без пасрэднікаў, адзін на адзін, а іншыя фігуры гэтаму заміналі б.

Хату, у якой я нарадзіўся, пабудавалі бацькі ў 60-м годзе.У сувязі з гэтым, цікавую гісторыю распавеў мне бацька. У 1944 годзе яго забіралі ў войска на фронт. Разам з астатнімі навабранцамі яго везлі па чыгунцы ў Маладзечна, і не даязджаючы да вакзала, цягнік пачалі бамбіць. Людзі павысыпалі ў кусты. Многіх там і накрыла. Яшчэ не так даўно каля чыгункі былі варонкі ад снарадаў, цяпер там доўжацца гаражы. Дык вось, амаль у гэтым месцы, толькі на друі бок чыгункі, праз 15 гадоў бацька атрымаў участак пад хату. Раней быў перавулак Куйбышава, а цяпер гэта вуліца Святаянская. Новую прыгожую назву нашай вуліцы даў вядомы наш сусед гісторык Генадзь Каханоўскі.

У дзяцінстве з сябрамі час бавілі ў Камсамольскім парку, на насыпу каля чыгункі і на рэчцы Вушы.

Памятаю, неяк падлеткам адкрыў купальны сезон 23 сакавіка. Снег яшчэ ляжаў, але трэба было неяк вылучыцца, каб стаць “крутым”. Так вылучыўся, што дату на ўсё жыццё запомніў.

Лета ў дзяцінстве праводзілі ў горадзе?

− На ўсё лета адпраўлялі да бабулі на веску. Весачка невялічкая, з усіх бакоў лес. Людзей там было мала, майго ўзросту былі толькі брат і сястра. Было сумна. Напэўна, гэтая адзінота адбілася на маім характары і карцінах.

Краявід там не вельмі разнастайны − поле ды лес. Апошнім часам мяне вабяць такія краявіды, дзе мінімальна аб’ектаў. А ў юнацтве мы шукаем нечага рамантычнага, часам містычнага. Вось і я ў якасці натуры выбраў лясныя могілкі з драўлянай каплічкай. У мяне быў ключ ад яе, і я пасля працы пакідаў там свой эцюднік, парасон і палотны.

Гады два таму пачаў займацца даследаваннем радаводу, паўгода шукаў звесткі аб сваяках у Дзяржаўным архіве. Высветліў, што мой прадзед Міхалюк паходзіць з вёскі Халапы, якая зараз стала мікрараёнам Вілейкі. На халапоўскіх могілках я бачыў шмат помнікаў з прозвішчам Ількевіч. Браты Міхалюк і  Сцяпан Ількевічы ездзілі ў Амерыку на заробкі, гэта быў прыкладна 1890 год. У той час многія беларусы шукалі лепшай долі за мяжой. Многія не вярталіся. А Міхалюк са Сцяпанам вярнуліся, зарабіўшы грошы і арандавалі млын пад Куранцом. Папрацаваўшы там, купілі зямлю з лесам ў весцы Дашкаўка, паставілі хаты. Гэта на цяперашняй мяжы паміж Вілейскім і Мядзельскім раёнамі.

Неўзабаве Сцяпан з’ехаў, а мой прадзед з жонкай застаўся ў Дашкаўцы. Нарадзіліся дзеці, і калі нехта з іх ствараў сям’ю, то ім талакой будавалі хату, са свайго лесу. Праз некаторы час у Дашкаўцы стаяла пяць хат у рад. Адтуль мая маці, а бацька з-пад Княгініна, вёска Кіржына.

Як вы зразумелі, што хочаце быць мастаком?

− Гэта неяк паступова адбывалася. Але штуршок быў.

Неяк  аднойчы ўбачыў чалавека са скрынкай, які ішоў па нашай вуліцы. Я тады ўжо ведаў, што скрынка гэта з прыладамі да малявання. Пабег за ім басанож. Мікола, так звалі мастака, дазволіў мне назіраць за сваёй працай.  Гэта было проста фантастычна, гэта быў сапраўдны цуд. На белым палатне з’яўляецца чароўная выява поля, лесу, дарогі, якая губляецца сярод дрэў, белых аблок на сінім небе. Пасля гэтага выпадку мне купілі эцюднік, а Міколу Лонскага, токара станкабудаўнічага завода, я лічу хросным бацькам.

− Як вам вучылася ў вядомых маладзечанскіх мастакоў?

− Мне пашчасціла, і я вельмі ўдзячны за тое, што яны далі мне. Мы хадзілі на заняткі ў студыю, якая месцілася ў Цэнтральнай бібліятэцы. Было два класы. У адным настаўнічала мастачка Раздзялоўская, пані Ядзя.

Я ж вучыўся ў класе, якім кіраваў Кастусь Харашэвіч. Ён быў строгі выкладчык, вельмі патрабавальны. Разам са мной наведвалі студыю Лена Кісель, Люда Церах, Валодзя Бірыцкі, Артур Зеляніцкі.Многія, хто наведваў студыю, сталі мастакамі.

А да паступлення ў мастацкую вучэльню мяне рыхтаваў Юры Герасіменка. Пасля вучэльні паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут на станковую графіку. З’арыентаваў мяне туды мой настаўнік малюнка Аляксандр Салькоў.  Казаў, што там сапраўды навучаць маляваць. Тады гэта была самая прэстыжная спецыяльнасць, конкурс − сем з паловай чалавек на месца. Вучыўся ў адной групе з Васілём Баранавым, з Андрэем Савіцкім. Вучыўся са мной і Сяргей Харытонаў, які  паступіў у інстытут з сёмага разу.

З Кастусём Харашэвічам.

З Міхаілам Савіцкім.

Чым займаліся пасля вучобы?

− Пайшоў у армію на паўтара гады, служыў у Асіповічах у артылерыйскай брыгадзе.

Пасля войска гады два жыў у Маладзечне ў бацькоўскім доме. Зрабіў кніжак з 15 для выдавецтва “Мастацкая Літаратура”.

Потым тры гады стажыраваўся пад кіраўніцтвам Міхаіла Савіцкага і Георгія Паплаўскага  і яшчэ пяць гадоў працаваў  майстрам у гэтых жа майстэрнях. У Савіцкага я навучыўся бязлітасна ставіцца да сваёй работы. Свае палотны ён перарабляў па дзесяць разоў, прычым кардынальна. Адзін матыў можна вырашыць па-рознаму, знаходзіш больш моцнае рашэнне, перакампаноўваеш. Часам нават бярэшся за новае палатно.

Напрыклад, Рэпін прымушаў сваіх вучняў перарабляць вельмі ўдалыя месцы. Неяк адзін з іх намаляваў шыкоўны каўнер, аўчына была нібы жывая. Рэпін сказаў, што на карціне каўнер дамінуе, а твар чалавека ў гэтай вопратцы губляецца, і аўчыну перамалявалі.

У вас у майстэрні так шмат кніг і дыскаў.

− Дыскаў у мяне больш за паўтары тысячы. Люблю старую музыку, якую ў маладосці слухалі пад коўдрай. Ёсць і “Beatles”, і “Rolling stones”, і класіка. У маладосці не купляў ”фірмовыя” пласцінкі, было дорага. Затое адмовіць сабе ў кнігах не мог ніколі. І іх тут не шмат, большасць кніг у бацькоўскай хаце ў Маладзечне і ў мінскай кватэры.

Маці неяк дала мне грошы на абутак, я ўжо ў інстытуце вучыўся. А наш інтэрнат прымыкаў да ВНУ, можна было ў тапках бегаць. Вось я і бегаў. Купіў затое на гэтыя грошы цудоўны альбом.

“Дзічка”.

“Зялёная агароджа”.

− У вас некаторыя карціны падпісаны па-руску, іншыя − па-беларуску. Як вы выбіраеце, на якой мове падпісваць?

− Я працую з маскоўскай галерэяй і яны просяць каб подпісы былі зразумелымі. Але апошнім часам стаў падпісваць па-беларуску. Да школы заўсёды размаўляў па-беларуску, гэта было для мяне безумоўна. І ў школе я быў адзін з нямногіх беларускамоўных. Але дзеці з мяне кпілі, было балюча, я ламаў сябе, перайшоў на рускую. Нават пасля дзявятага класа, калі паступіў у мастацкую вучэльню, мяне падколвалі ўжо за беларускае “г”.

З бацькамі гаварыць па-беларуску было камфортна. Ніколі не ўзнікала няемкасці, калі нават зробіш памылку. Не так даўно іх пахавалі. Пражылі яны разам 58 гадоў і памерлі ў адзін месяц.

− Ці часта  вы ездзіце ў Маладзечна?

− Часта, там жа бацькоўскі дом. У ім жыве сястра. Я наогул патрыёт, калі ў магазіне бачу кансервы ці яшчэ нешта з Маладзечна, адразу бяру, не задумваючыся.

“Зімовы пейзаж”.

“Поўдзень”.

− Як вам абноўлены да “Дажынак” горад?

− Парк проста шыкоўны, больш я нічога не бачыў. Але я не магу зразумець, чаму ў Маладзечне дагэтуль няма выставачнай залы. Гэта твар любога горада, і галерэі неабходныя для паўнаты жыцця. Мастацтва робіць жыццё багацейшым.

Можна скардзіцца на тое, чаго няма, да бясконцасці, але ўсё застанецца на сваіх месцах, пакуль за справу не возьмецца зацікаўлены энтузіяст. Як, напрыклад, Ізяслаў Катляроў у Светлагорску, які наладзіў там галерэю. Маленькіх маладзечанцаў няма куды вадзіць, каб яны прывучаліся наведваць выставы, а потым куплялі ў свае дамы карціны.

Нават уяўляю, як гэта можа быць. Памяшканне прыкладна на сто квадратаў, галоўная частка − сама зала для выстаў. Можна падключаць і суседнія раёны, каб і з іх мастакі маглі прыехаць і прадэманстраваць свае творы. За сценкай размясціць салон-магазін, дзе могуць прадавацца не толькі карціны, але нават біжутэрыя ручной работы. І яшчэ адно памяшканне − сховішча для твораў мастацтва.

Нядаўна быў на пленэры ва Унечы. Там сабралася безліч мастакоў, да нашага прыезду прамеркавалі шмат культурных падзей. А мясцовыя дзеці, гледзячы на нас, захапіліся ідэяй займацца маляваннем. Яны не давалі праходу бацькам, тыя звярнуліся да раённай улады, і ў выніку там адкрылі мастацкую школу. Усё можна зрабіць, калі пачаць.

− Ці любіце вы падарожнічаць?

− Я цяжкі на пад’ём, таму падарожжа мне неабходна не планаваць, а адразу купляць білет. Калі выязджаю на адпачынак, усё адно шукаю цікавыя месцы і малюю.

− Чаму вы абралі сваім жанрам пейзаж?

− Я яго не выбіраў, заўсёды любіў пейзажы. Вакол мяне з дзяцінства была прырода, я жыў гэтым. Мне падабаецца замалёўваць эцюды. Я бачу ў іх музыку, бачу сэнс, які паступова раскрываецца. Мне падабаецца збіраць вобраз, ствараць формулу вечара, восені, раніцы, пэўнага стану.

Я працую з двума відамі пейзажу. Першы фіксуе цяперашні стан прыроды, тут і цяпер. Яго трэба рабіць хутка, няма калі думаць, гэта як джаз. А другі − той, над якім працую ў майстэрні. У ім больш глыбокая задумка. Усе дэталі павінны быць звязаны агульным станам, яны павінны жыць, але за гэтым можна ўбачыць нешта большае.

Найчасцей я бяру матывы краявідаў з малой радзімы, хаця яны тыповыя і іх поўна па ўсёй Беларусі. Такія матывы могуць быць у любой вёсцы.

− Ці ёсць нейкія адметнасці беларускага пейзажу?

− Найчасцей ён стрыманы, бо ў нас няшмат сонечных дзён. Беларусь блізкая да Балтыйскага мора, таму ў нас высокая вільготнасць, воблакі плывуць нізка, і неба ніжэйшае. У Расіі пейзажы іншыя: вялізны купал неба і далёкія гарызонты, бяскрайняе поле. Адсюль і пайшло, што Расія − шырокая душа. А ў нас найбольш куточкі, сцежкі. Гэта ўсё і характар фарміруе.

− А які ў беларуса характар?

− Памяркоўны, прычым залішне. Беларус асцярожны. Тапталі гэту зямлю ўзжоўж і ўпоперак. Мянялася ўлада. Ніколі беларус не быў гаспадаром. Аднойчы я запытаў у беларускага вучонfuf Льва Казлова пра беларускія мапы. Ці многа іх есць?

Я думаў, што беларускіх мапаў таго часу вельмі мала. А Леў Казлоў мне сказаў, што наадварот, мапаў Беларусі больш, чым астатніх мясцін. Тут жа ўсе ваенныя дзеянні і праводзіліся. І мапы выраблялі вайскоўцы –французскія, рускія, польскія, нямецкія і інш. Дык які ж яшчэ можа быць характар?

− Раскажыце пра сваю сям’ю.

− З жонкай Аленай пазнаёміўся яшчэ ў мастацкім вучылішчы, разам вучыліся. Яна працуе завучам у мастацкай школе. Сыну Івану ў кастрычніку будзе 18, сёлета паступіў на філасофскі факультэт БДУ. Знаходзіцца ў стане эйфарыі, так яму там падабаецца. Жыве ўжо 9 гадоў з намі сабака Буся, купіў на базары ў Маладзечне.

− У вас каля стала фотаздымкі, дарагія вам рэчы.

− Партрэт маіх бацькоў. Побач гадзіннік бацькі, спыніў стрэлкі на часе яго смерці. Гэта яго ножык, заўсёды насіў з сабой. Яблык падыму, кажа, не еш так, давай лупіну зрэжу. Мамін напарстак – яна ўвесь час шыла. Партрэт сына Івана, фатаздымак, дзе я на руках старэйшай сястры. А вось пэндзлі знаёмых мне мастакоў і маіх сяброў. Сярод іх  ёсць пэндзаль Савіцкага. Цікава было б зрабіць праект “Пэндзлі мастакоў”. Як, напрыклад, можа выглядаць мастакоўскі інструмент Леанарда ці Ван Гога?

− Што неабходна, каб стаць мастаком?

− Любоў да справы, здаровыя амбіцыі, добрыя настаўнікі. А з матэрыялаў, дастаткова паперы і алоўка. Я ведаю людзей, якія ўсё жыццё працуюць толькі імі і робяць цудоўныя творы. А ведаю і такіх, якія ўсё жыццё копяць на самыя лепшыя фарбы і пэндзлі, і так нічога не намалявалі.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота забяспечана Аляксандрам ГРЫШКЕВІЧАМ.