Толькі што надрукаваныя наборы паштовак “Спадчына Вілейшчыны” атрымалі ўдзельнікі вілейскай суполкі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры ў панядзелак, 3 кастрычніка.

Вокладка набору.

На гэтых паштоўках − фатаграфіі Вілейскага касцёла і царквы, Альковіцкага, Вязынскага, Ільянскага касцёлаў, цэркваў у Даўгінаве, Касуце, Іжы, Вязыні, каплічак у Заброддзі і Ручыцы.

Па словах кіраўніка таварыства Дзяніса Канэцкага, задума стварыць набор паштовак з выявамі каштоўных архітэктурных помнікаў Вілейшчыны з’явілася летась. Ён і ўдзельнік таварыства фатограф Міхаіл Кулеш некалькі разоў за лета выязджалі здымаць тыя будынкі, якія хацелі ўнесці ў набор. А фота Касцюкевіцкага касцёла даслала знаёмая Юлія Янюк.

Атрымалася 17 здымкаў, але потым з іх выбралі 13: па 6 каталіцкіх і праваслаўных храмаў. Вырашылі пакінуць выяву някультавага будынка − вілейскага вакзала, аднаго з найстарэйшых архітэктурных помнікаў горада.

Паглядзець наборы паштовак можна ў Вілейскім касцёле ці на прэзентацыях, якія будзе ладзіць таварыства. Аб часе і датах правядзення прэзентацый чытайце на сайце rh.by.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота забяспечана Дзянісам КАНЭЦКІМ.