На дарогах Маладзечанскага, Вілейскага і Мядзельскага раёнаў у выхадные будуць працаваць супрацоўнікі спецпадраздзялення дарожна-паставой службы “Страла”.

У Маладзечанскім, Вілейскім і Мядзельскім раёнах у выхадные будуць працаваць супрацоўнікі спецпадраздзялення дарожна-паставой службы “Страла”, паведамляе агенцтва БелаПАН.

Аперацыю “Пешаход” праводзіць упраўленне дзяржаўтаінспекцыі Мінскай вобласці. Яна пачалася 5 кастрычніка і завершыцца 15-га. Падчас аперацыі супрацоўнікі ДАІ праводзяць тлумачальную работу па папярэджанні дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам пешаходаў, колькасць якіх не зніжаецца.

Інспектар дарожна-паставой службы Маладзечанскага райаддзела міліцыі Дзмітры Стасюлевіч расказаў у інтэрв’ю “РГ”, што працуюць яго калегі не толькі з пешаходамі, але і з вадзіцелямі. У райаддзелах міліцыі створаныя рэйдавыя групы, якія дзяжураць у патэнцыйна небяспечных месцах, дзе найчасцей адбываюцца здарэнні.

Па словах інспектара, ад пачатку акцыі за дзень у Маладзечанскім раёне міліцыянеры штрафуюць па 20-25 недысцыплінаваных пешаходаў. На прадпрыемствах і ў арганізацыях даішнікі праводзяць прафілактычныя гутаркі, у якіх расказваюць, колькі чалавек траўмавана і колькі загінула на дарогах Мінскай вобласці і якія штрафы можна заплаціць за парушэнне правілаў дарожнага руху.

Вадзіцелям нагадваюць пра неабходнасць захоўваць хуткасны рэжым і пра тое, што цяпер рана цямнее і ў любы момант у поцемках перад машынай можа нечакана з’явіцца пешаход без святлоадбівальнага элемента на адзенні.

На дапамогу мясцовым работнікам ДАІ падчас правядзення аперацыі прыходзяць іх сталічныя калегі. У Маладзечанскім, Вілейскім і Мядзельскім раёнах у выхадные будуць працаваць супрацоўнікі спецпадраздзялення дарожна-паставой службы “Страла”, паведамляе агенцтва БелаПАН.

Сяргей ЗЯНЬКО.