Што б вы сказалі сваёй маме ў Дзень маці?

Ксюша Маліноўская, вучаніца:

− Што вельмі люблю яе, што яна самая лепшая і дарагая, што хачу, каб яна заўсёды была побач. Падарую ёй кветку, якую зробім у школе з тканіны. Дапаможам са старэйшай сястрой з вячэрай, а потым самі ўсё прыбяром.

Іван Лапіцкі, навучэнец:

− Павіншую, пажадаю заставацца такой жа клапатлівай. Дару ёй заўсёды жоўтыя хрызантэмы − яе любімыя кветкі. Прыемна бачыць, што яна захоўвае на сваіх паліцах мае дзіцячыя аплікацыі, вырабы з пластыліну, якія дарыў ёй на розныя святы.

Аксана Пільсць, швачка:

− Я сказала б, што люблю яе, што хацела б, каб яна была з намі. Сваіх дзяцей у мяне пакуль няма, таму ў гэты дзень я ўспамінаю, як мы жылі разам. Згадваюцца толькі самыя лепшыя і светлыя моманты, якіх, хацелася б, каб было больш.

Аляксей Ціхановіч, школьнік:

− Дзякую за тое, што яна выхоўвае мяне. У гэты дзень ладзім невялікае застолле, сядзім разам, размаўляем. Я дапамагаю прыбрацца, мыю посуд, гэта ж свята. У звычайныя дні па гаспадарцы дапамагаю не вельмі часта.

Любоў Яцкевіч, пенсіянерка:

−  Цяпер маёй маці няма ў жывых. Але калі б я магла ўбачыць яе, то схілілася б перад ёй і падзякавала за яе добрае сэрца, за пяшчоту і ўвагу. За тое, што навучыла сваіх пяцярых дзяцей дабру, павазе да людзей і прыроды. За ўсё.

Вадзім Вірынскі, маляр:

− Віншую яе, дару кветкі, яна любіць ружы. Прыходжу ў госці з тортам. Жадаю заўсёды здароўя. З вячэрай замест мяне дапамагаць будзе ўнучка, мая дачка. А вось як з ёй будзем віншаваць маю жонку, пакуль не прыдумалі.

Юры Піўцэвіч, грузчык:

− Што моцна люблю яе. Для мяне слова “мама” святое, штогод на гэтае свята я ездзіў да яе ў Ашмяны. А сёлета на Дзень маці паеду да сына, які нарадзіўся ў аўторак. Назваць яго вырашылі Арсеніем, вось з ім і павіншуем ужо яго маці.

Падрыхтавала Зоя ХРУЦКАЯ.