Па падазрэнні ў згвалтаванні 9-гадовай дзяўчынкі затрыманы жыхар Вілейскага раёна.

Як паведаміў БелаПАН старшы пракурор Мінска Сяргей Балашаў, злачынства было ўчынена каля 15.00 24 кастрычніка на аўтавакзале “Маскоўскі” ў Мінску.

Дзяўчынка, якая жыве ў Мінскім раёне, вучыцца ў сталічнай школе. На аўтавакзале яна чакала аўтобус, каб вярнуцца дадому. Паводле слоў дзяўчынкі, невядомы мужчына падышоў да яе і загадаў прайсці з ім. Школьніца прыняла яго за
міліцыянера, таму што ён сказаў: “Пройдзем”. Злачынца завёў дзяўчынку ў грамадскі туалет і згвалтаваў яе ў кабінцы. Дзіця, якое плакала, знайшла прыбіральшчыца і выклікала міліцыю.

Падазроны 1984 года нараджэння, раней быў судзімы за насільныя дзеянні сексуальнага характару (частка 1 артыкула 167 Крымінальнага кодэкса).

Следчым аддзелам пракуратуры Мінска ў дачыненні да затрыманага распачата крымінальная справа на падставе часткі 3 артыкула 166 КК (згвалтаванне заведама малалетняй).

Паводле БелаПАН.