Недалёка ад вёскі Бяртошкі Хажоўскага сельсавета вечарам у нядзелю, 30 кастрычніка, пад коламі аўтамабіля “Мазда-626” загінула 66-гадовая пенсіянерка.

Здарэнне адбылося каля 19 гадзін 30 хвілін, расказаў у інтэрв’ю “РГ” інспектар дарожна-паставой службы райаддзела міліцыі Дзмітры Стасюлевіч. У цёмны час сутак 20-гадовы вадзіцель іншамаркі не заўважыў своечасова пешахода.

Як патлумачыў супрацоўнікам дзяржаўтаінспекцыі сам кіроўца “Мазды”, жанчына пераходзіла дарогу і нечакана з’явілася перад аўтамабілем. На адзенні загінуўшай не было святлоадбівальных элементаў.

Па папярэдніх дадзеных, вадзіцель быў цвярозы. Стан жанчыны ў момант здарэння высвятляе экспертыза. Узбуджаная крымінальная справа па другой частцы 317 артыкула Крымінальнага кодэкса: “Парушэнне правілаў дарожнага руху ці эксплуатацыі аўтадарожных транспартных сродкаў, якое прывяло па неасцярожнасці да смерці чалавека”.

Сяргей ЗЯНЬКО.