Прыпынак “Радыятарны” 5 лістапада ў 00 гадзін зачыняецца. Назаўсёды.

Пасадка і высадка пасажыраў будзе ажыццяўляцца на прыпынку “Мінск-Паўночны” (станцыя метро “Маладзёжная”).

Пра гэта папярэджвае сайт Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі.

Праход на платформу прыпынка “Мінск-Паўночны” 5 лістапада ад 00 да 06 гадзін будзе ажыццяўляцца праз падземны пераход на скрыжаванні вуліц Харкаўская і Кальварыйская (каля моста).

Ад 6 гадзін 5 лістапада выйсці на платформу можна будзе не толькі праз падземны пераход, але і са станцыі метро “Маладзёжная”. Білетныя касы будуць працаваць у падземным пераходзе станцыі метро “Маладзёжная”.

Як патлумачылі “РГ” у аддзеле пасажырскіх перавозак Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі, гэта не часовая мера – “Радыятарны” зачыняецца назаўсёды. “Мінск-Паўночны” будзе больш зручным да пасажыраў: да яго ходзіць больш відаў транспарту.

Святлана ЦІШКО.