Вынікі конкурсу былі падведзеныя 27 лістапада ў Маркаве.

Ірына Розум з Відзеўшчынскага СДК расказала ў інтэрв’ю “РГ”: “Раней дзеці і моладзь не стаялі ля сцяны, як цяпер, а актыўна ўдзельнічалі ў святах і абрадах. Цяперашнія хлопчыкі і дзяўчынкі саромеюцца разам гуляць. Мы год працавалі, каб прывучыць іх да гэтага, каб яны не баяліся дакранацца адно да аднаго, гуляючы ў той жа “Ручаёк”. Яны прыходзяць на дзіцячыя дыскатэкі, і мы вучым іх гуляць у народныя гульні”.

Збіраць фальклор работнікам сельскіх дамоў культуры было няпроста.

“Вельмі цяжка было песні збіраць, – сказала ў інтэрв’ю “РГ” Іна Грынцэвіч з Відзеўшчынскага СДК. – Людзям ужо па 70-80 гадоў. Не ўсе з іх памятаюць тэксты, не ўсе могуць перадаць песню. Па кавалачках збіралі. Дарэчы, людзі лепш памятаюць мелодыі, чым словы песень. А з тэкстаў лепш захаваліся ў памяці пра каханне і пра нялёгкую долю”.

“Калі мы не зможам зберагчы тое, што назапасілі продкі, – з нас за гэта спытаюць нашчадкі, – сказала напрыканцы імпрэзы дырэктар метадычнага цэнтра аддзела культуры Ганна Уладыка. – Мы вельмі багаты народ, але ў нас ужо зусім мала засталося жывых захавальнікаў традыцый і фальклору”.

Святлана ЦІШКО.