Цела мужчыны знайшоў работнік чыгункі позна вечарам 4 снежня ў Вілейцы каля чыгуначнага пераезда ў бок мікрараёна “Шанхай”. На трупе былі шматлікія траўмы.

У складзе следча-аператыўнай групы на месца здарэння выязджаў намеснік пракурора Вілейскага раёна Вадзім Шукрынаў. У інтэрв’ю нашаму выданню ён расказаў: паведамленне пра здарэнне паступіла каля 22 гадзін.

На момант, калі цела знайшлі, асоба загінуўшага не была ўстаноўленая. На выгляд мужчыну 45-55 гадоў. Абутку на нагах не было. На целе – пераломы касцей шкілета.

Па словах Вадзіма Шукрынава, характэрныя траўмы, а таксама адсутнасць абутку на нагах кажуць пра тое, што мужчыну збіў цягнік. Відавочцаў здарэння не знайшлі. Устаноўлена толькі: пацярпелага смяротна траўмавала грузавым цягніком. Ад палатна цела адкінула на адлегласць 30 метраў.

Па памерлым прызначаная медыцынская судовая экспертыза. Цяпер вядуцца першапачатковыя працэсуальныя дзеянні.

Намеснік начальніка Маладзечанскага аддзялення ўнутраных спраў на транспарце Міхаіл Гуд сёння, 5 снежня, паведаміў “РГ”: па папярэдніх дадзеных, загінулы – жыхар Вілейкі. Больш дакладныя звесткі пра яго ўдакладняюцца.

Сяргей ЗЯНЬКО.