У вёсцы Яхімоўшчына Палачанскага сельсавета пад раніцу 4 снежня гарэў жылы дом. На пажары загінуў 40-гадовы гаспадар.

Інспектар групы прапаганды і навучання гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Марына Ермакова расказала ў інтэрв’ю “РГ”: пра пажар у 4 гадзіны 54 хвіліны на пульт выратавальнікаў па тэлефоне паведаміў жыхар суседняга дома.

Калі пажарныя прыехалі на месца, пакой выгараў знутры, дах абрынуўся, былі прапалы падлогі і перакрыццяў. Калі выратавальнікі справіліся з агнём, байцы газадымаабароннай службы знайшлі цела гаспадара. Дом яму быў пакінуты ў спадчыну.

Разглядаецца некалькі версій узгарання. Асноўная з іх – неасцярожнае курэнне гаспадара. Па сведчанні суседзяў, мужчына злоўжываў спіртным. У 2010 годзе ў лячэбна-працоўным прафілакторыі лячыўся ад алкагалізму, потым адбываў пакаранне за здзейсненае злачынства ў калоніі.

Паводле заключэння дактароў “хуткай дапамогі”, якія выязджалі на месца здарэння, смерць наступіла ад атручэння чадам і апёку дыхальных шляхоў.

Сяргей ЗЯНЬКО.