Вясельная зала, што ў краязнаўчым музеі, зачыненая на рэканструкцыю – там зробяць сапраўдную цагляную печ.

Пра гэта ў інтэрв’ю “РГ” расказаў дырэктар музея Сяргей Ганчар. “Гэты год для нас быў насычаны вясельнымі абрадамі. Цяпер, пакуль Піліпаўскі пост і вяселляў няма, з’явілася  магчымасць пераабсталяваць залу”, – сказаў ён.

У зале зробяць драўляную столь з бэлькамі, а замест кардоннага макета печы – цагляную, абмазаную глінай і пабеленую, з каванай засланкай – будзе выглядаць, як сапраўдная вясковая хата. Уся печ, зразумела, не памесціцца ў невялікім пакоі – зробяць толькі тую яе частку, што “глядзіць на хату”.

Акрамя таго, там размесцяць прадметы матэрыяльнай культуры, сабраныя падчас этнаграфічных экспедыцый па Вілейскім раёне: вэлюмы 40-60-х гадоў ХХ стагоддзя, іншую вясельную атрыбутыку.

Рэканструкцыя павінна завяршыцца да сярэдзіны студзеня: на 14 студзеня прызначанае вяселле.

Святлана ЦІШКО.