Восем віляйчан узростам ад 18 да 23 гадоў раённы суд асудзіў за злоснае хуліганства. Хлопцы без усякіх прычын у чэрвені і жніўні ва ўрочышчы Дубаўка і на вуліцы Чырвонаармейскай збілі двух маладых мужчын.

Паводле расследавання, якое правяла міліцыя, 18 чэрвеня ў лесе ва ўрочышчы Дубаўка двое навучэнцаў Вілейскага прафесійна-тэхнічнага каледжа, слесар вілейскага філіяла Маладзечанскага малочнага камбіната, муляр ПМК-186, двое навучэнцаў Маладзечанскага прафесійна-тэхнічнага і Ашмянскага аграрна-эканамічнага каледжаў рукамі і нагамі збілі супрацоўніка міліцыі, які ў гэты момант не выконваў сваіх прафесійных абавязкаў.

Міліцыянер у цывільным адзенні са сваёй дзяўчынай і дзвюма яе сяброўкамі на машыне вечарам прыехаў у Дубаўку адпачываць. Побач выпівала кампанія маладых людзей.

У аўтамабілі міліцыянера гучала музыка, і адзін з хлопцаў папрасіў зрабіць гук мацней. Гаспадар аўтамабіля не адмовіўся. Калі песня скончылася, ён зноў сцішыў гук.

На паўторнае патрабаванне зрабіць прыёмнік гучней міліцыянер адказаў: тут вам не дыскатэка. Гэтыя словы і справакавалі бойку. Паводле праведзенага расследавання, пацярпеламу па галаве, тулаве, руках і нагах было нанесена каля 20 удараў. Хлопцы парвалі міліцыянеру скураную куртку і залаты ланцужок. Нанесеная шкода склала 2 мільёны 250 тысяч рублёў.

Трэба аддаць належнае супрацоўніку міліцыі: ён адбіваўся ад хуліганаў, папярэдзіў іх, што служыць у міліцыі. Але ні аргументы, ні супраціўленне мужчыны не спынілі хуліганаў, а сілы былі не роўныя. Па сведчанні відавочцаў бойкі, яна працягвалася прыкладна 5-7 хвілін. Згодна з заключэннем медыцынскай судовай экспертызы, пацярпелы атрымаў лёгкія цялесныя пашкоджанні.

Другі выпадак здарыўся 21 жніўня каля 21 гадзіны 40 хвілін на вуліцы Чырвонаармейскай. Адзін з хуліганаў, які ўдзельнічаў у здарэнні ў Дубаўцы, і двое яго сяброў на вуліцы Чырвонаармейскай рукамі і нагамі пабілі хлопца, які праводзіў сваю дзяўчыну. Выратаваў пацярпелага бацька дзяўчыны. Ён прыйшоў на дапамогу пасля званка дачкі па мабільным тэлефоне. Хуліганы разбегліся.

Акрамя абвінавачання ў злосным хуліганстве, маладому чалавеку з гэтай кампаніі, 23-гадоваму раней судзімаму грузчыку аднаго з вілейскіх прадпрыемстваў, суд паставіў у віну таксама крадзеж мабільнага тэлефона з пакоя інтэрната, што на вуліцы 1 Мая. Ён прыгавораны да двух гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

Адзін з абвінавачаных атрымаў тры гады пазбаўлення свабоды з адтэрміноўкай на два гады, і шэсць абвінавачаных прыгавораныя да 1 года і 6 месяцаў зняволення з адтэрміноўкай на адзін год.

На дзень здачы матэрыялу ў друк прыгавор не уступіў у законную сілу толькі ў дачыненне да абвінавачанага, які атрымаў два гады пазбаўлення свабоды без адтэрміноўкі выканання пакарання. Ён мае права абскардзіць яго. Іншыя абвінавачаныя не сталі абскарджваць прыгавор, і ён уступіў у законную сілу.

Акрамя гэтага, хуліганы, якія пабілі міліцыянера ў Дубаўцы, павінны кампенсаваць яму маральную шкоду ў памеры 4 мільёны рублёў. Абвінавачаныя ў нападзенні на хлопца на вуліцы Чырвонаармейскай, кампенсуюць Вілейскай цэнтральнай раённай бальніцы 603 тысячы 190 рублёў, затрачаныя на лячэнне пацярпелага.

Дар’я ХАДАРОВІЧ, памочнік пракурора Вілейскага раёна.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота neformat.co.ua.