Ларыса нарадзілася ў лясной вёсачцы Пералясанка, ці на хутары Нелюбы. Тут прайшло яе дзяцінства, бо пасля бацькам далі кватэру ў Белакорцы, адтуль, пасля заканчэння школы, яна паехала паступаць адразу ў педагагічнае вучылішча, а пасля ў інстытут.

Мінск стаў яе родным горадам. Там цяпер працуе ў школе, там жыве. Але кожны раз, як толькі надарыцца вольная хвіліна, не мінае выпадку наведацца ў родныя мясціны – каб сустрэцца са сваякамі, вёскай свайго дзяцінства.

Цяпер гэта хата ўжо належыць іншаму чалавеку. Яе прадалі пасля таго, як памёр бацька. Але ніхто ж не забараняе прайсціся па родным двары ці проста паглядзець з вуліцы на дом, які быў калісьці родным, і ў якім так смачна пахла сушанымі ягадамі і грыбамі.

Пералясанка – вёска лясная. Жыхароў тут было не вельмі шмат. Але людзі жылі дружна. Разам спраўлялі святы, гулялі адно ў аднаго на хрэсьбінах і вяселлях. Ды і ў цяжкую хвіліну не пакідалі. Ды і адзін аднаму не чужыя былі – некалі ж тры родныя браты сабе хаты пабудавалі.

Пакуль былі жывыя дзядзька Бронька, стрыечны брат бацькі, цётка Зіна, пляменніца заўсёды спынялася ў іх. А калі тых не стала, пачала прыязджаць у Нелюбы з іх дачкой, а сваёй траюраднай сястрой Марыяй. Бывае, да самай раніцы прасядзяць удзвюх на прыступках дома. Слухаюць, як гамоніць лес, што пачынаецца адразу за плотам, любуюцца, як падымаецца сонца. І ўспамінаюць сваё дзяцінства, юнацтва, школьныя гады.

“Ларыса заўсёды была шустрым і смелым дзіцем, – расказвае маладзечанка Марыя Бераснева, якая і прынесла ў рэдакцыю гэты фотаздымак. – Бывала, пойдзе ў лес, назбірае цэлыя кішэні жукоў і жаб, а пасля паказвае нам. Нават мая бабуля іх баялася і заўсёды сварылася на Ларыску. А тая хоць бы што”.

Неяк бацькі прымалі гасцей. Паклікалі ў хату дзяўчынку. Маўляў, паглядзіце, якая вырасла. Тая стала перад сталом, паглядзела па баках ды і выцягнула з кішэні доўгага чарвяка. А пасля яшчэ і паклала яго на язык. І туды-сюды язычком “вазіла” яго. Ну і ўляцела ж ёй тады, на ўсё жыццё запомніла. Але жаб і розных іншых насякомых лавіць не перастала. У Ларыскі заўсёды рухаліся, бы жывыя, кішэнькі, заўсёды з іх нешта выпаўзала.

На гэтым фотаздымку, а зроблены ён у 1964 годзе, дзяўчынцы чатыры з паловай гады. Прысеўшы на кукішкі, з-пад насупленых бровак, яна ўважліва пазірае  на чалавека з фотаапаратам. Марыя Бераснева кажа, што фатаграфаваў Ларысу яе бацька, Фелікс Нелюб. У яго на той час ужо быў свой фотаапарат. Фотаздымкі рабіў таксама сам.

1964 год. Вёска Пералясанка Валожынскага раёна. На фотаздымку Ларыса Нелюб. Ёй чатыры з паловай гады.

Чамусьці мне здаецца, што здымаліся на нейкае свята ці ў выхадны дзень. На дзяўчынцы прыгожая шапачка, квяцістая сукенка, а яшчэ фартушок з нейкімі фальбонамі. Ды і часу ў іншы дзень бацька не меў бы. З самай раніцы ён ехаў на работу ў Белакорац, дзе працаваў паштальёнам.

“Я старэйшая за Ларысу на шэсць гадоў, – расказвае Марыя. – Таму добра памятаю шапачку, у якой яна на фотаздымку. Галаўны ўбор чырвонага колеру, і дзяўчынка яго вельмі доўга насіла, я яе называла Чырвонай Шапачкай. А яшчэ ў яе заўсёды былі вельмі прыгожыя фартушкі. Здаецца, іх шыла бабуля”.

На фотаздымку Ларысіны ручкі сціснутыя ў кулачкі. Напэўна, яна штосьці ў іх трымае. Можа, знайшла чарговага вялікага жука, які ёй тады здаваўся самым прыгожым на свеце.

А яшчэ яна вельмі любіла бегаць да цёткі Алімкі, каб папіць малачка. “У нас карова не абы-якая, а рабая, – расказвала тая дзяўчынцы, – а малако ад рабой каровы самае смачнае на свеце”. І яна, свята верачы ў гэта, па некалькі разоў на дзень ішла з кубачкам у двор сваякоў, каб напіцца малака. Сапраўды, ці ж сваё такое!

Амаль паўстагоддзя аддзяляе сясцёр ад часу, калі быў зроблены гэты фотаздымак. Але глядзяць на яго, калі збіраюцца разам, з цеплынёй. Ён – прывітанне з іх цяпер ужо далёкага дзяцінства, якое было вясёлым, шчаслівым і радасным.

Марына СЛІЖ.

Фота забяспечана Марыяй БЕРАСНЕВАЙ.