Колькасць падманутых гаспадынь і гаспадароў жывёлы, а таксама сума нанесенай шкоды – 27 мільёнаў 724 тысячы 70 рублёў – беспрэцэдэнтныя для Вілейскага раёна.

Ад злачынных дзеянняў махляра пацярпелі жыхары вёсак Вілейскага і Маладзечанскага раёнаў: Селішча, Седзіца, Фалькі, Шчукі, Чэхі, Вязынь, Заазер’е, Петрашова, Крыніца, Баяры, Будзішча, Калодчына, Вязынка, Касцяневічы, Людвінова, Давыдкі, Ерхі, Глебенкі, Геркі, Валоські, Кастыкі, Навасёлкі, Клесіна, Маніхі, Малышкі, Добравічы, Вялікая Сэрвач, Цярэшкі.

Суд пакараў Паўла за махлярства, здзейсненае ў буйным памеры. Прыгавор напрыканцы снежня ўступіў у законную сілу. Асуджаны атрымаў тры гады пазбаўлення свабоды з канфіскацыяй усёй маёмасці і з пазбаўленнем права займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю, звязанай з закупкай у грамадзян сельскагаспадарчай прадукцыі, тэрмінам на два гады.

Суд адтэрмінаваў выкананне асноўнага пакарання – пазбаўленне свабоды з канфіскацыяй маёмасці – на два гады.

Суддзя палічыў магчымым не адпраўляць Паўла ў калонію, таму што ён мае малое дзіця, а падчас вядзення папярэдняга расследавання кампенсаваў вяскоўцам нанесеную шкоду. Каб сабраць патрэбную суму, маці прадпрымальніка прадала некаторую сваю маёмасць і частку грошай пазычыла ў сваякоў.

У дадзеным выпадку спрацавала “Канцэпцыя ўдасканалення мер крымінальнай адказнасці і парадку іх выканання”, падпісаная Аляксандрам Лукашэнкам 23 снежня 2010 года. Згодна з гэтым дакументам, калі абвінавачаны падчас следства прызнае сваю віну, раскайваецца і кампенсуе нанесеную шкоду, суд можа вынесці пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем свабоды. Гэта не тычыцца гвалтаўнікоў, рабаўнікоў і забойцаў.

Паводле праведзенага расследавання, ахвярай махляра ў перыяд ад 1 да 30 чэрвеня  2011 года сталі жыхары 28 вёсак Вілейскага раёна. Малако Павел збіраў у вяскоўцаў і здаваў на вілейскі філіял Маладзечанскага малочнага камбіната, маючы дагавор з гэтым прадпрыемствам.

Пасля пералічэння грошай за малако ад камбіната на свой банкаўскі рахунак, прадпрымальнік на працягу двух банкаўскіх дзён павінен быў разлічыцца з вяскоўцамі за здадзенае імі малако. Сабраўшы 37 тон 167 кілаграмаў прадукту, Павел не разлічыўся з людзьмі і прысабечыў іх грошы.

Выкарыстаўшы грошы вяскоўцаў, прадпрымальнік вярнуў доўг малочнаму камбінату і доўг свайму знаёмаму. Таксама чужыя грошы пайшлі на пагашэнне трох банкаўскіх крэдытаў і рамонт аўтамабіля.

У судзе пацярпелыя расказалі пра махлярскія дзеянні прадпрымальніка, які спачатку хлусіў, што ёсць нейкія затрымкі ў разліках, а потым проста перастаў адказваць на тэлефонныя званкі.

Цяпер на працягу двух гадоў Павел без дазволу міліцыі не мае права выязджаць за межы Маладзечна, дзе ён жыве, больш, чым на месяц. Ён павінен рэгулярна з’яўляцца ў міліцыю для рэгістрацыі, а ў перыяд часу ад 21 да 6 гадзін знаходзіцца дома. Калі асуджаны будзе выконваць гэтыя ўмовы і не здзейсніць новага злачынства, пакаранне з яго праз два гады будзе знятае.

Вадзім ШУКРЫНАЎ, намеснік пракурора Вілейскага раёна.

Сяргей ЗЯНЬКО.