Эпідэмія грыпу ў Беларусі сёлета чакаецца традыцыйна ў канцы студзеня – пачатку лютага, паведаміла кіраўнік Нацыянальнага цэнтра па грыпе Наталля Грыбкова 12 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яе слоў, сёлета ў Беларусі чакаецца эпідэмія грыпу сярэдняй інтэнсіўнасці, будуць пераважаць вірусы А (Н3) і А (Н1). Пры гэтым чаканая актыўная цыркуляцыя вірусаў грыпу Н1, які ў 2010 годзе выклікаў пандэмію, не ўяўляе небяспекі для насельніцтва. “Гэты вірус ужо аднесены да катэгорыі сезонных, і яго штамы ўваходзяць у склад супрацьгрыпознай вакцыны”, – сказала спецыяліст.

Яна адзначыла, што падчас цяперашняй эпідэміі найболей верагодна заражэнне на грып дзяцей да 3 гадоў: тры гады вірус A (H3) не цыркуляваў у Беларусі і ў маленькіх дзяцей няма да яго імунітэту. Таксама актыўна вірусы грыпу звычайна распаўсюджваюцца сярод школьнікаў і студэнтаў.

Вірусы грыпу, якія будуць пераважаць падчас эпідэміі 2012 гады, адчувальныя да супрацьгрыпозных прэпаратаў, падкрэсліла спецыяліст.

Як паведаміла загадчыца аддзялення імунапрафілактыкі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Вераніка Шымановіч, сітуацыя з грыпам у Беларусі пакуль не ўяўляе эпідэмічнай небяспекі, яна таксама спакойная і ў краінах – суседзях Беларусі, і ў цэлым ва ўсім еўрапейскім рэгіёне, за выключэннем Іспаніі, дзе перавышаны нацыянальны парог захворвання. Паспяховую сітуацыю з грыпам і ВРВІ ў Беларусі спецыяліст звязвае ў першую чаргу са
школьнымі канікуламі, якія прывялі да раз’яднання дзяцей, і з навагоднімі святамі, падчас якіх людзі традыцыйна не так часта звяртаюцца па медыцынскую дапамогу.

Тым не менш, паводле інфармацыі Шымановіч, асобныя выпадкі грыпу адзначаюцца. Сярод захварэлых пераважаюць дзеці, дарослыя хварэюць у меншай ступені. Разам з тым захворванне сярод дарослых за апошні тыдзень павялічылася.

Спецыяліст паведаміла, што, паводле даных Еўрапейскага рэгіянальнага бюро САЗ, у еўрапейскім рэгіёне адзначаецца рост выдзялення вірусаў грыпу ў доследных узорах. Колькасць станоўчых пробаў на вірус грыпу павялічылася з 8% за папярэдні тыдзень да 24% за гэты. Пераважае вірус грыпу А (H3).

Як паведаміла галоўны эпідэміёлаг Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан, падчас цяперашняй кампаніі па вакцынацыі супраць грыпу прышчэплена амаль 32% насельніцтва – кожны трэці жыхар Беларусі.

Развіццю вострых рэспіраторных захворванняў спрыяе цёплая зіма, заявіла Наталля Грыбкова. Паводле яе слоў, прыкладна 200 вірусных і бактэрыяльных інфекцый могуць выклікаць падобныя на грып захворванні. Сярод найболей распаўсюджаных – рэспіраторна-сінтыцыйны вірус, адэнавірусы, некалькі падтыпаў вірусаў парагрыпу.

Як адзначыла Грыбкова, у цёплае надвор’е людзі часта недаацэньваюць магчымасць заразіцца, а тыя, хто ўжо захварэў, не звяртаюцца да ўрача і працягваюць хадзіць на працу. Тым часам усе рэспіраторныя захворванні значна зніжаюць ахоўныя
функцыі імуннай сістэмы, падкрэсліла спецыяліст. У сувязі з гэтым у перыяд эпідэміі грыпу чалавек лёгка падхоплівае вірус і захворванне можа працякаць у больш цяжкай форме.

Як заявіла Грыбкова, кожны чалавек, які захварэў на ВРЗ, павінен звяртацца да ўрача і лячыць захворванне, пакуль яно не перайшло ў хранічную форму і не выклікала ўскладненняў.

Паводле БелаПАН.

Фота mediabistro.com.