У Ашмянскім раёне 24 студзеня мяжу парушылі толькі цыгарэты. Кантрабандысты перадалі іх адно аднаму, знаходзячыся кожны са свайго боку.

Пра гэта “РГ” паведаміў начальнік прэс-службы Смаргонскай пагранічнай групы Аляксандр Колабаў.

Уначы пагранічны нарад паста “Клевіца”, рухаючыся ўздоўж мяжы, заўважыў сляды людзей, якія вялі ў бок дзяржаўнай мяжы. Беларускія пагранічнікі апавясцілі пра гэта літоўскіх калег. Праз пэўны час тыя паведамілі, што затрымалі 48 карабоў – 24000 пачкаў – цыгарэт. Адпрацоўка слядоў паказала, што людзі дзяржаўную мяжу не парушалі. Гэта значыць, што на памежнай тэрыторыі былі змоўшчыкі, якія прымалі карабы.

Людзей, датычных да гэтага парушэння, ні з беларускага, ні з літоўскага боку не знайшлі.

Па словах Аляксандра Колабава, на працягу 2011 года за спробу нелегальна пераправіць у Літву табачныя вырабы на ўчастку Смаргонскай пагранічнай групы затрымалі каля 300 чалавек. Кожны трэці з іх – беларус, астатнія – грамадзяне Літвы. Аляксандр Колабаў адзначае, што за такое правапарушэнне на тэрыторыі Беларусі прадугледжваецца адміністрацыйная адказнасць, на тэрыторыі Літвы – крымінальная.

Святлана ЦІШКО.