У моцны мароз медыкі раяць абмяжоўваць прагулкі дзяцей на свежым паветры, але не пазбаўляць іх гэтага.

Па словах загадчыцы другога педыятрычнага аддзялення маладзечанскай дзіцячай паліклінікі Наталлі Свірыды, дзеці 2-3 гадоў могуць двойчы ў дзень схадзіць на прагулку, калі тэмпература паветра не ніжэй за -10-15ºС. Прагулка павінна доўжыцца не больш за 30 хвілін.

Дзеці да 1-2 гадоў могуць гуляць не больш за гадзіну, калі тэмпература паветра не ніжэйшая за -5ºС. Малыя у 2-3 месяцы таксама могуць выйсці на вуліцу ў такое надвор’е, але не больш, чым на 20-30 хвілін.

Па словах Наталлі Свірыды, найбольш асцярожнымі падчас зімовай  прагулкі трэба быць бацькам нованароджаных. Першы выхад на вуліцу можа адбыцца на трэцім-чацвертым тыдні жыцця, калі тэмпература паветра не менш, чым -5ºС. Да гэтага немаўля трэба паступова прывучаць да холаду: апрануць, як на вуліцу, і ўкласці ля адкрытай форткі не больш чым на 10 хвілін. Затым гэты час трэба паступова давесці да 30 хвілін. Сапраўдныя прагулкі раяць пачынаць у ясныя, ціхія дні.

Бацькам малых дзяцей раяць быць пільнымі ў мароз.

Святлана ЦІШКО.