Учора, 2 лютага, на ўчастку пагранічнага паста “Будзёнаўка” пагранічнікі знайшлі 20 карабоў (10 тысяч пачкаў) цыгарэт, схаваных кантрабандыстамі пад снегам.

Пра гэта “РГ” паведаміла прэс-служба смаргонскай пагранічнай групы.

Спачатку пагранічны нарад заўважыў сляды, як мяркуюць, двух-трох чалавек, якія зайшлі на тэрыторыю Беларусі на 5 метраў. Затым у 15 метрах ад мяжы ў лесе, пад дрэвам, знайшлі цыгарэты, замаскіраваныя снегам. І сляды людзей, якія вялі ўглыб лесу. Па факце парушэння мяжы праінфармавалі літоўскіх пагранічнікаў.

Кошт цыгарэт устанаўліваюць. Ідзе праверка.

Святлана ЦІШКО.

Фота забяспечана прэс-службай смаргонскай пагранічнай групы.