Вясна 1966 года. Навучэнкі Маладзечанскага ПТВ-21 фатаграфуюцца разам перад выпускным балем. Першая злева – Тамара Казлоўская.

“Дзяўчаты вучыліся ў будаўнічай групе прафесійна-тэхнічнага вучылішча, – успамінае маладзечанец Іосіф Сіняк. – Быў яго навучэнцам і я. Толькі прафесію атрымліваў іншую, рэгуліроўшчыка радыёапаратуры. Цікавы гэта быў час, вясёлы. Днём вучыліся, вечарам збіраліся на стадыёне і танцавалі”.

Гэты фотаздымак Іосіфу падарыла Тамара. Дзяўчат, што з ёй побач, назваць не можа. Як-ніяк сорак пяць гадоў прайшло, многае сцерлася з памяці. Закончылі вучылішча, раз’ехаліся хто куды. У кожнага свае сем’і, дзеці, унукі.

Вясна 1966 года. Навучэнкі Маладзечанскага ПТВ-21. Першая злева – Тамара Казлоўская. Дзяўчаты вучыліся ў будаўнічай групе.

Дастаць з шафы стары альбом і перагледзець у ім фотаздымкі 60-х гадоў мужчыну падштурхнула публікацыя ў “Рэгіянальнай газеце”. У ёй выкладчыца Маладзечанскага прафесійна-тэхнічнага каледжа Наталля Сянько расказвае пра ідэю стварэння музея навучальнай установы і просіць былых сваіх выпускнікоў адгукнуцца. “Мы памятаем нашых навучэнцаў. Праўда, не ведаем, як склаліся лёсы многіх, дзе канкрэтна зараз працуюць, якія ў іх сем’і. Хацелася б пачуць пра ўсіх, сустрэцца з імі”, – піша яна ў матэрыяле”.

“Я абавязкова зазірну ў сваё вучылішча, якое цяпер стала каледжам, – гаворыць Іосіф Сіняк. – Раскажу пра сябе, некаторых сяброў. У нашай групе вучыліся 24 чалавекі. Пасля заканчэння навучальнай установы ўсе атрымалі размеркаванне на “Спадарожнік”. Час унёс свае карэктывы ў жыццё. Цяпер у Маладзечне з нашай групы засталося шэсць чалавек. А чатырох наогул няма сярод жывых”.

Іосіф Іосіфавіч кажа, што раней са сваімі сябрамі па вучылішчы сустракаўся часцей. Маладыя былі, ініцыятыўныя. Хаця сувязь не губляюць і цяпер. Перазвоньваюцца, часам сустракаюцца ў горадзе. Часта ўспамінаюць свайго майстра Мікалая Уладзіміравіча Кулеўніча, які быў ім у вучылішчы за бацьку, хлопцаў з іншых груп.

Іосіф Сіняк ледзь не ўсё сваё жыццё адпрацаваў на “Спадарожніку”. Кажа, служыў заводу да таго часу, пакуль ён не разваліўся. Там і жонку сабе знайшоў. Прызнаецца, што настальгія па тых гадах усё яшчэ не дае супакою сэрцу. У лепшыя гады на прадпрыемстве працавала восем тысяч чалавек. Кожны дзясяты маладзечанец праходзіў раніцай праз яго прахадную. І ніхто тады нават падумаць не мог, што не толькі слава “Спадарожніка” патухне, але і яго самога практычна не стане.

Марына СЛІЖ.

Фота забяспечана Іосіфам СІНЯКОМ.