Каб навучыцца катацца на каньках, трэба мець характар. Увогуле характар – гэта галоўнае ў любым відзе спорту, – лічыць трэнер па хакеі Мінскай абласной КДЮСШ “Алімпік-2011” Валеры Смірноў.

Паводле яго слоў, вучыць дзіця катацца на каньках можна пачынаць ледзьве не з двух гадоў – калі малое навучыцца добра стаяць і хадзіць.

Працэс навучання, адзначае трэнер, нескладаны. Спачатку дзіця дома вучыцца стаяць на каньках, на якія надзетыя чахлы – так плошча апоры большая. Калі дзіця навучыцца добра стаяць, хадзіць, прысядаць, нават бегаць, чахлы здымаюць. І вучаць рабіць усё тое самае, толькі без чахлоў, паслаўшы лінолеум ці гумовы дыванок, каб не тупіць палазкі і не псаваць падлогу. “Практыкаванні тыя самыя, – адзначае Валеры Смірноў. – Стаяць, тупаць, хадзіць, прысядаць, пакуль не навучыцца выконваць іх упэўнена. Затым можна выходзіць на лёд”.

На лёдзе працэс навучання паўтараецца: зноў трэба вучыцца стаяць, хадзіць…

Па словах Валерыя Смірнова, пажадана, каб бацькі не трымалі юных канькабежцаў пад рукі. “Каб не прывыкалі. Так, нязручна, так, будуць падаць, але руку лепш не даваць. І паступова, паступова дзіця навучыцца. Гадоў у пяць можна аддаваць у спартыўную секцыю. Напрыклад, па хакеі. Чым раней да нас прыйдзе юны спартсмен, тым лепш, але аптымальны ўзрост – 4-5 гадоў. Раней, напэўна, не варта: усё ж гэта групавыя заняткі, дзіця павінна ўмець канцэнтравацца, выконваць заданні трэнера”, – кажа ён.

Як доўга будзе цягнуцца працэс навучання? Па словах Валерыя Смірнова, усё залежыць ад характару дзіцяці і яго жадання навучыцца. Хацення толькі бацькоў недастаткова. Ну, і канькі павінны быць якасныя, добра наточаныя.

Святлана ЦІШКО.

Фота forum.hcdinamo.by.