Выкладчыца гандлёва-эканамічнага каледжа Дар’я Ясюкевіч прыехала ў Маладзечна ў 1985 годзе па размеркаванні. Яе радзіма – горад Каламыя Івана-Франкоўскай вобласці. Шмат чым падобны да Маладзечна: такі ж па велічыні, прыкладна столькі ж жыхароў, у 70-ыя гады мінулага стагоддзя таксама працавалі некалькі вялікіх, саюзнага значэння, прадпрыемстваў, кшталту “Спадарожніка”. Школ – 12. У тыя часы ў Каламыі былі толькі дзве “рускія” школы, у астатніх дзесяці навучанне ішло на ўкраінскай мове. Цяпер там усе дзеці атрымоўваюць адукацыю на ўкраінскай мове.

“Я хадзіла ў школу з украінскай мовай навучання. У Чарнавіцкім тэхнікуме і інстытуце вучылася на рускай мове – скончыла Львоўскі гандлёва-эканамічны, а затым Маскоўскі кааператыўны інстытуты. Але паміж сабой, на перапынках, на вуліцы і дома мы размаўлялі па-ўкраінску. Паўсюль у неафіцыйных зносінах гучала ўкраінская. Студэнты з Каўказа, што прыязджалі ў Львоў, пад канец навучання добра гаварылі на нашай мове”, – успамінае Дар’я Васілеўна.

Дар’я Васілеўна Ясюкевіч (Мельнічук) родам з Каламыі Івана-Франкоўскай вобласці.

Яе, маладую выпускніцу, не палохаў пераезд у Беларусь: у СССР мовай міжнацыянальных зносін была руская, якую дзяўчына выдатна ведала. Яна ўвогуле хацела размеркавацца ў Латвію, дзе быў таваразнаўчы каледж, што больш адпавядала яе адукацыі. На Украіне месцаў не было, параіўшыся з мамай, Дар’я выбрала Беларусь, Маладзечна. Не з-за блізкасці моў, пра гэта яна не думала – проста бліжэй да Украіны, каб было прасцей ездзіць дадому. “Мы нейкія больш смелыя, рашучыя, самастойныя былі, чым цяперашняя моладзь. Шмат украінцаў пасля інстытутаў і ўніверсітэтаў так патрапілі ў Беларусь, іншыя рэспублікі СССР. А цяперашнім выпускнікам у суседні раён страшна ехаць”, – кажа яна.

Дар’я Васілеўна выйшла замуж у Беларусі. Дзявочае прозвішча Мельнічук. Ясюкевіч – прозвішча мужа Уладзіміра. У іх сям’і размаўляюць пераважна па-руску. Тым не менш дзеці – Васіль і Вольга – без праблем разумеюць украінскую мову, яна ім падабаецца. Калі ездзілі ў госці да бабулі, маглі падтрымаць размову і са сваякамі, і з сябрамі, нягледзячы на тое, што ў Каламыі гавораць на адным з паўночна-заходніх дыялектаў.

Васіль і Вольга Ясюкевічы штогод ездзілі на маміну радзіму, у Каламыю. Ля музея пісанкі.

“Калі мы ехалі да маіх сваякоў, я спадзявалася, што ў зносінах з аднагодкамі яны засвояць ўкраінскую мову. Але вось які парадокс: мясцовыя дзеці дзеля Васі і Олі пераходзілі на рускую мову, а не наадварот”, – гаворыць Дар’я Васілеўна.

Сама яна па-ранейшаму выдатна гаворыць на роднай мове, калі трэба, можа перакладаць на рускую спецыяльную літаратуру. Некалькі гадоў запар улетку ездзіла ў Ровенскую вобласць – суправаджала групу беларускіх дзяцей. Начальнік лагера адпачынку зрабіў Дар’і Ясюкевіч камплімент: столькі гадоў жыве за мяжой і так добра гаворыць па-ўкраінску. “Але я лічу, што гэта натуральна, – адзначае яна. – Я ў Маладзечне заўсёды па-ўкраінску размаўляю з Таццянай Бобрык – гэта мая калега і зямлячка, з Уладзіславай Каханоўскай і Галінай Калюжнай, што жывуць у Мінску, са сваякамі са Светлагорска па тэлефоне. У швагра, дарэчы, жонка – полька з Літвы, але са мной і іншымі сваякамі мужа яна гаворыць па-ўкраінску. Прапаноўвала ёй перайсці на рускую мову, адмовілася, маўляў, са сваякамі мужа – толькі па-ўкраінску. У Маладзечне дзейнічае культурна-асветнае таварыства ўкраінцаў “Краяны”. Мы часта збіраемся. Ведаю сем’і, якія дома гавораць толькі на роднай мове. Я сваіх дзяцей не так строга выхоўвала. Магчыма, я не маю рацыі, але насаджаць не хацела, хацела, каб гэта быў натуральны працэс”.

Дар’я Васілеўна добра разумее беларускую мову, але сама па-беларуску гаварыць не рашаецца. “Баюся за націскі, – прызнаецца яна. – Я не чую штодня столькі беларускай мовы, каб гаварыць на ёй, не саромеючыся за сваё вымаўленне. Калі б вакол усе размаўлялі па-беларуску, то за 30 гадоў я б, вядома, навучылася”.

Святлана ЦІШКО.

Фота Святланы ЦІШКО і з сямейнага альбома Дар’і ЯСЮКЕВІЧ.