Дзе на Вілейшчыне можна ўбачыць сапраўдную пячору? Сінагогу? Кузню XIX стагоддзя? Усе гэтыя аб’екты запрашае наведаць краязнаўца і вандроўнік Міхаіл Петух, які размясціў іх на беларускамоўнай турыстачнай карце Вілейшчыны.

Гэта карта існуе трэці месяц у адзінкавым экзэмпляры. Але ці надрукуюць яе, пакуль невядома.

− Многія, у тым ліку і самі віляйчане, не ведаюць, што на нашай зямлі асабліва шмат камянёў з ямкамі яўна штучнага паходжання, − расказвае аўтар праекта. − Ёсць такі ў Вілейцы, вёсках Мішуты, Куранец, Дварэц. А ў Камене вы можаце пабачыць “Варацішын крыж” − адзін з вядомых Барысавых камянёў XII стагоддзя.

Міхаіл Петух па свайму турыстычнаму вопыту добра ведае, што скласці ўдалы маршрут па звычайных картах даволі складана: не заўсёды ёсць апісанні, выявы цікавых месцаў.

− Часам чалавек не ведае, што за тры кіламетры ад яго працы ёсць нейкі выключны помнік, − тлумачыць краязнаўца. − А так зробіць калі-небудзь пятлю на ровары і гляне. Напрыклад, каля Рэчак на Замкавай гары мажна ўбачыць унікальную пячору і гарадзішча жалезнага веку. Цікавіць сінагога − калі ласка ў Даўгінава. А ў Сэрвачы можаце пабачыць коўню пазамінулага стагоддзя.

І гэта яшчэ далёка не ўсе сюрпрызы, якія вы можаце знайсці на Вілейшчыне!

На звычайнай карце раёна аўтар фотаздымкамі паказаў, дзе раіць падарожнічаць, падпісаўшы, што за аб’ект прэтэндуе на ўвагу. Большасць фота − кіраўніка вілейскага “Таварыства аховы помнікаў” Дзяніса Канецкага.

Праект вілейскага краязнаўцы і вандроўніка Міхаіла Петуха “Векапомная Вілейшчына: ад старажытнасці да сучаснасці”.

Міхаіл Петух прапаноўвае размясціць банеры з выявай сваёй карты на ўезде і выездзе з Вілейкі, каля парку ці плошчы Леніна, на вакзале − каб госці маглі на свае вочы прыкінуць, куды ім хацелася б з’ездзіць. Такая карта, на думку яе аўтара, мусіць вісець у кожнай школе і на кожным прадпрыемстве, прадавацца ў шапіках.
− Зрабіць Вілейшчыну прывабнай, адкрыць багацце культурнай спадчыны − такія мэты я ставіў, − гаворыць Міхаіл Петух. − Паказаць аб’екты ад курганоў да капліц новага тысячагоддзя, каб прасочвалася повязь культуры ў часе.
У снежні краязнаўца прадэманстраваў праект перад работнікамі райвыканкама і членамі райсавета, запрасіўшы прыняць удзел у распаўсюдзе гэтай карта. Яго ідэю ўхвалілі, але займацца падтрымкай выдання ніхто не ўзяўся.
− Мы размясцілі карту на сайце, можа, нехта пакарыстаецца, − адзначыла начальнік аддзела ідэалогіі Жанна Петух. − Але наконт таго, каб друкаваць − пра гэта не думалі яшчэ.
Міхаіл Петух ацэньвае, што адзін экзэмпляр фармату А0, друкаваны тыражом 200 асобнікаў афсетным спосабам будзе каштаваць каля 70 тысяч рублёў.
− Ёсць варыянт атрымаць грант, каб рэалізаваць ідэю, − каментуе краязнаўца. − Але прасіць грошы за мяжой на сваю гісторыю і культуру, мяркую, неяк сорамна.

Зоя ХРУЦКАЯ.