У бальніцы 20 лютага памёр 55-гадовы мужчына, які 16 лютага ў 5 гадзін 50 хвілін недалёка ад музычнага вучылішча на хаду вываліўся з аўтобуса маршруту №11, што вёз пасажыраў у бок Здземелева.

Траўмы, якія атрымаў пацярпелы, – пералом касцей чэрапа, цяжкая закрытая чэрапна-мазгавая траўма, расказаў у інтэрв’ю “РГ” інспектар дарожна-паставой службы Дзмітры Стасюлевіч.

Паводле яго слоў, здарэнне адбылося каля перакрыжавання Вялікага Гасцінца і вуліцы Таміліна, калі аўтобус пад’язджаў да прыпынку “Музвучылішча”. Па адной з версій, мужчына сам на хаду адкрыў заднія дзверы. Навошта ён гэта зрабіў – высвятляе следства ў рамках расследавання ўзбуджанай крымінальнай справы.

Сяргей ЗЯНЬКО.