Незаконны груз, трыкатажныя вырабы, затрымалі беларускія пагранічнікі ў пункце пропуску “Каменны Лог” 26 лютага. Чатыры сумкі з трыкатажам на суму 175 мільёнаў рублёў з Літвы перавозілі дзве машыны – “Пежо” і “Додж”.

Памочнік начальніка Смаргонскай пагранічнай службы па рабоце са сродкамі масавай інфармацыі Аляксандр Колабаў паведамляе: падчас агляду аўтамабіляў у “Пежо” знайшлі дзве сумкі, у якіх было 94 трыкатажныя вырабы (22 найменні). У “Доджы”, таксама ў дзвюх сумках, было 318 вырабаў з трыкатажу (18 найменняў).

У ходзе праверкі дакументаў пагранічнікі ўстанавілі, што ў розных машынах ехалі два пасажыры, родныя браты. Яны, па папярэдніх дадзеных, і спрабавалі правезці ў Беларусь незаконны трыкатаж.

Матэрыялы адміністрацыйна-мытнага правапарушэння памежнікі перадалі супрацоўнікам Ашмянскай мытні. Праводзіцца праверка.

Сяргей ЗЯНЬКО.