Кабіна грузавіка “Івека Еўратэх” загарэлася раніцай 1 сакавіка на дарозе недалёка ад вёскі Каменны Лог. 25-гадовы вадзіцель машыны з апёкамі верхніх дыхальных шляхоў першай ступені і атручаннем чадам дастаўлены ў бальніцу.

Пра ўзгаранне грузавіка паведаміў выратавальнікам аператар аўтазаправачнай станцыі, што знаходзілася побач. Паводле інфармацыі прэс-службы ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях Гродзенскай вобласці, машына ехала з Вільнюса ў Мінск і ў паўпрычэпе перавозіла 20 тон паперы ў рулонах.

Дзякуючы аператыўным дзеянням выратавальнікаў, агонь да паперы дабрацца не паспеў. Кабіна выгарала цалкам. Папярэдняя прычына ўзгарання – кароткае замыканне акумулятарнай батарэі.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота mchs.grodno.by.