Суд Ашмянскага раёна прыгаварыў 18-гадовую жыхарку Ашмянаў Аліну К. да пяці гадоў зняволення за крадзеж 16 050 долараў ЗША і 2 540 еўра ў сваіх дзядзькі і дзеда.

Суд улічыў непаўналетні ўзрост дзяўчыны на момант злачынства і адтэрмінаваў выкананне пакарання на два гады. Аліна не будзе адпраўленая ў калонію, калі на працягу двух гадоў не здзейсніць іншага злачынства. Прыгавор суда, вынесены 1 сакавіка, не быў абскарджаны і ўступіў у законную сілу.

Паводле прыгавору, здарэнне адбылося 27 жніўня 2011 года ў Ашмянах, у кватэры дзеда абвінавачанай. На той момант Аліне было 17 гадоў. Дзяўчына вучыцца ў вышэйшай навучальнай установе ў Мінску. Летам яна была на канікулах у Ашмянах і заходзіла да свайго дзядулі. Нават мела ключ ад яго кватэры.

27 жніўня паміж 13 і 14 гадзінамі Аліна прыйшла да дзядулі, адамкнуўшы кватэру ключом. Дома нікога не было. Дзяўчына ведала, што ў самаробным тайніку пад камодам захоўваецца валюта. У адным пачку ляжалі 16 050 долараў, у другім – 2 540 еўра. Частка іх належала дзядулю дзяўчыны, частка – яе дзядзьку, сыну гаспадара кватэры.

У судзе Аліна сваю віну ў крадзяжы валюты не прызнала. Яна расказала: 25 ліпеня ў кватэры дзядулі яна была разам са сваімі дваюраднымі братамі. Адзін з іх палез пад камод, каб дастаць мячык, які закаціўся пад яго. Хлопчык пазваў Аліну паказаць тое, што ён знайшоў пад камодам. Гэта быў скрутак, загорнуты ў хустку. У скрутку дзяўчына ўбачыла два пачкі грошай – долары і еўра.

Па словах абвінавачанай, валюту яна не пералічвала і ў той дзень яе не забірала, а паклала скрутак на месца. Праз некалькі дзён яна зноў прыйшла ў пустую кватэру. Кажа, што ўзяла з тайніка 200 еўра. Праз тыдзень – яшчэ 600 еўра і 300 долараў. А напрыканцы жніўня – апошнія 1 500 долараў. Больш там быццам бы не было.

Аліна сцвярджала: красці грошы не хацела, пазней збіралася іх вярнуць. “Пазычаныя” такім чынам 700 долараў патраціла на арэнду жылля ў Мінску. Астатняя сума пайшла на розныя забавы, на адпачынкі ў кафэ, на таксі, на сяброў.

Непрызнанне віны Аліны, па меркаванні суда, – усяго толькі спосаб пазбегнуць адказнасці за здзейсненае злачынства. Віна пацвярджаецца паказаннямі пацярпелых і сведкаў здарэння.

Дзядуля дзяўчыны толькі 20 кастрычніка заўважыў, што грошы зніклі. У крадзяжы гаспадар кватэры адразу пачаў падазраваць сваю ўнучку. А яшчэ пазней, 3 лістапада, у яго кватэры, каб разабрацца ў здарэнні, сабралася ўся сям’я. Сын гаспадара, дзядзька Аліны, якому са скрадзеных грошай належалі 15 000 долараў, уключыў відэакамеру. І Аліна ў прысутнасці сваёй маці, з відэаздымкай, прызналася, што на самой справе ўкрала з тайніка 16 050 долараў і 2 540 еўра. Пасля з’ехала ў Мінск і патраціла скрадзеную валюту на ўласныя патрэбы.

Маці дзяўчыны вярнула пацярпелым толькі 3 000 долараў. Сказала, што больш у яе няма.

Віну Аліны пацвярджаюць таксама паказанні яе дваюраднага брата, які знайшоў тайнік, калі гуляў з мячом. Хлопчык пацвердзіў: на адным скрутку было напісана: 16 050 са значком долара, на другім – 2 540 і значок еўра.

Істотнымі пры правядзенні расследавання сталі таксама паказанні дзяўчыны, якая сядзела з Алінай у ізалятары часовага ўтрымання да суда. Затрыманыя дзяўчыны расказалі адна адной пра прычыны, па якіх яны знаходзяцца ў камеры.

У гэтай размове з выпадковай знаёмай Аліна прызналася ў здзейсненым злачынстве і назвала поўную суму скрадзенага. Яна сказала, што нават не памятае, куды і колькі патраціла валюты. Сведка прывяла даслоўную фразу Аліны: “Я слала грашыма”.

У той жа час Аліна паведаміла, што не збіраецца называць поўную суму скрадзеных грошай ні следчаму, ні ў судзе. Збіраецца сказаць толькі, што забрала з тайніка 3 000 долараў ЗША, бо менавіта столькі яе маці вярнула пацярпелым.

Цяпер на працягу двух месяцаў асуджаная павінна добраахвотна кампенсаваць матэрыяльную і маральную шкоду, нанесеную свайму дзядулю і дзядзьку. Таксама на працягу двух гадоў, пакуль дзейнічае адтэрміноўка выканання пакарання, Аліна павінна перыядычна з’яўляцца ў міліцыю для рэгістрацыі і не змяняць без дазволу міліцыі месца свайго жыхарства.

Аляксандр ЛЯНКЕВІЧ, старшы памочнік пракурора Ашмянскага раёна.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота ru.photaki.com.