Два п’яныя вадзіцелі ў студзені па чарзе папаліся супрацоўнікам дзяржаўтаінспекцыі на працягу трох сутак. Кіравалі яны адной і той жа машынай. Аўтамабіль не з танных – БМВ Х5. У сакавіку дайшла справа да суда.

Адзін з кіроўцаў атрымаў арышт, другі – буйны штраф.

Ураджэнец Вільні, жыхар Ашмянаў, 23-гадовы Сяргей Д. у 2010 годзе быў асуджаны за ўхіленне ад прызыву на вайсковую службу шляхам падману. Атрымаў два гады абмежавання свабоды з накіраваннем на “хімію”.

Пазней па амністыі тэрмін быў скарочаны да аднаго года, яшчэ пазней неадбытую частку пакарання суд замяніў на выпраўленчыя работы, а пасля ўвогуле вызваліў асуджанага ад пакарання ўмоўна-датэрмінова.

Здавалася б, гуманнасць правасуддзя трэба цаніць. Але Сяргей любіў ездзіць на машынах. І за руль садзіўся, перакуліўшы чарку-другую. 4 снежня 2011 года ў Мінску мужчыну затрымалі п’яным за рулём аўтамабіля “Сітраэн-Берлінга”. Тады за гэта парушальнік адміністрацыйнага заканадаўства атрымаў 1 мільён 225 тысяч штрафу і пазбаўленне права кіравання транспартнымі сродкамі на тры гады. Суд прыняў такое рашэнне 21 снежня.

Усяго праз месяц пасля гэтага Сяргей зноў папаўся работнікам дзяржаўтаінспекцыі. 21 студзеня 2012 года ноччу пасля адпачынку ў гульнявым клубе “Кінгс”, у якім мужчына выпіваў, ён сеў за руль аўтамабіля БМВ Х5, які належыць яго знаёмаму і цёзку, таксама Сяргею.

Згодна са складзеным пратаколам, п’янага кіроўцу міліцыянеры спынілі на вуліцы Чырвонаармейскай 21 студзеня ў 5 гадзін 45 хвілін раніцы. Падчас медыцынскага агляду ў Ашмянскай цэнтральнай раённай бальніцы стан алкагольнага ап’янення вадзіцеля іншамаркі пацвердзіўся.

Сяргей у судзе прызнаў сваю віну. Казаў, што раскайваецца. Раскаянне суд улічыў, але ўлічыў таксама і рэцыдыў у дзеяннях абвінавачанага – мужчына здзейсніў наўмыснае злачынства, ужо маючы судзімасць таксама за наўмыснае злачынства (ухіленне ад арміі). Вынік – арышт тэрмінам на чатыры гады з пазбаўленнем права кіравання транспартным сродкам тэрмінам на пяць гадоў.

У студзені гэта была першая паездка БМВ Х5 з п’яным вадзіцелям за рулём, які папаўся міліцыі. Прайшло ўсяго трое сутак, і дарагую іншамарку супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі зноў спынілі з вадзіцелем, які быў у стане алкагольнага ап’янення.

На гэты раз на вуліцы Страленкі ў Ашмянах. І на гэты раз, 24 студзеня каля 20 гадзін 55 хвілін, машынай кіраваў яе 32-гадовы гаспадар, таксама Сяргей. Па гэтым артыкуле ён ужо быў судзімы Лідскім судом у сакавіку 2010 года. Тады мужчына, пазбаўлены раней правоў кіравання, атрымаў штраф у памеры 10 мільёнаў 500 тысяч рублёў. Штраф выплаціў.

Цяпер Сяргей прызнаў сваю віну. Расказаў, што ў той дзень піў піва, а пасля раптам узнікла неабходнасць паездкі. Суд прыгаварыў абвінавачанага да штрафу ў памеры 35 мільёнаў рублёў і пазбаўлення правоў кіравання ўсімі відамі транспартных сродкаў на пяць гадоў.

На аўтамабіль БМВ Х5, які так упадабалі п’яныя кіроўцы, суд наклаў арышт да той пары, пакуль яго гаспадар не заплаціць 35 мільёнаў рублёў штрафу. Машына з’яўляецца гарантам разліку асуджанага Сяргея з дзяржавай. Калі штраф будзе аплачаны, арышт з іншамаркі здымуць.

Абодва прыгаворы не былі абскарджаныя і ўступілі ў законную сілу.

Уладзімір ЛОСЬ, намеснік пракурора Ашмянскага раёна.

Сяргей ЗЯНЬКО.