Пажар здарыўся ў нядзелю, 18 сакавіка, на прыватным прадпрыемстве “Юлайн”, што на вуліцы Лібава-Роменскай. На прахадной загарэўся пакой вартаўніка. Вартаўнік суседняга прадпрыемства “Расбелпраём” разбудзіў свайго калегу, чым выратаваў яму жыццё.

Паведамленне пра ўзгаранне паступіла на пульт гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях у 14 гадзін 19 хвілін, расказала ў інтэрв’ю “РГ” інспектар групы прапаганды і навучання Марына Ермакова.

Паводле яе слоў, у гэты выхадны дзень прадпрыемствы не працавалі. На сваіх месцах дзяжурылі толькі вартаўнікі. Па асноўнай версіі здарэння, 46-гадовы вартаўнік “Юлайна” заснуў з непатушанай цыгарэтай, ад якой пачаўся пажар.

Вартаўнік “Расбелпраёма” ўбачыў дым і стаў грукаць у дзверы і вокны вартаўнічага пакоя, які загарэўся. Ад грукату яго калега прачнуўся і сам здолеў выбрацца на вуліцу. У выніку пажару пакой выгараў знутры, у ім закураныя сцены.

Сяргей ЗЯНЬКО.