Сёння раніцай, 21 сакавіка, у драўляным жылым доме ў вёсцы Даўгінава пасля тушэння пажару выратавальнікі знайшлі цела 78-гадовага гаспадара. Папярэдняя прычына смерці – атручэнне чадам.

Пра тое, што з дома ідзе дым, на пульт выратавальнікаў у 6 гадзін 05 хвілін паведаміла суседка. Па прыездзе першага падраздзялення ў доме было моцнае задымленне, працаваў аўтаномны пажарны апавяшчальнік, расказаў у інтэрв’ю “РГ” інспектар дзяржаўнага пажарнага нагляду райаддзела па надзвычайных сітуацыях Дзяніс Шапшалевіч.

Пажарныя справіліся з агнём у 6 гадзін 25 хвілін. Цела гаспадара знайшлі ў пакоі. Тут жа выгарала падлога на плошчы два квадратныя метры, а таксама пасцельная бялізна, закураныя сцены. Можна меркаваць, што ачаг узгарання быў у пакоі, дзе знаходзіўся гаспадар.

Суседзі расказалі: пенсіянер зрэдку выпіваў, але не злоўжываў спіртным. Не курыў. Напярэдадні вечарам да яго заходзіў сусед, які курыць. Па адной з версій, непатушаную цыгарэту ў доме мог пакінуць госць. Ад акурка магло пачацца ўзгаранне.

Раённы аддзел следчага камітэта праводзіць праверку па факце смерці пенсіянера.

Сяргей ЗЯНЬКО.