На 5 мільёнаў 250 тысяч рублёў аштрафаваў суд Астравецкага раёна 26-гадовага Андрэя М. за ўхіленне ад выканання прыгавору суда па пазбаўленні правоў кіравання аўтамабілем.

Перад гэтым начальнік ДАІ ўжо чатыры разы штрафаваў мужчыну за недазволеныя паездкі, але ён усё адно ўпарта садзіўся за руль. У выніку ўсё скончылася крымінальнай справай па артыкуле, які праваахоўнікі рэдка прымяняюць – “Ухіленне асуджанага ад выканання прыгавору суда аб пазбаўленні права займацца пэўнай дзейнасцю”.

Гісторыя пачалася яшчэ ў жніўні 2009 года. Тады суд Астравецкага раёна прыгаварыў Андрэя да трох гадоў пазбаўлення свабоды за тое, што ён на машыне збіў школьніка. Хлопчык у здарэнні загінуў. У якасці дадатковага пакарання суд пазбавіў мужчыну правоў кіравання транспартнымі сродкамі на пяць гадоў.

У ліпені 2010 года асуджаны па амністыі ўмоўна-датэрмінова быў вызвалены ад асноўнага пакарання – пазбаўлення свабоды. Разам з тым, ад дадатковага пакарання – пазбаўлення правоў кіравання – ніхто Андрэя не вызваляў. І тым не менш, ён увесь час парушаў закон.

Вясной і летам 2011 года Андрэй за кіраванне аўтамабілем “Вольва V40” чатыры разы быў затрыманы і аштрафаваны. Спачатку на 175 тысяч рублёў, потым двойчы на 700 тысяч і ўрэшце – на 1 мільён 150 тысяч рублёў. Мужчыну два разы афіцыйна папярэджвалі: не перастанеш ездзіць – будзеш прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. У выніку так яно і адбылося.

Тэрмін неадбытага пакарання па пазбаўленні правоў кіравання на момант суда склаў 3 гады, 4 месяцы і 20 дзён.

Абвінавачаны цалкам прызнаў сваю віну і раскаяўся. Суд улічыў раскаянне, а таксама прызнаў у дзеяннях Андрэя рэцыдыў злачынстваў і вынес прыгавор.

Прысуд не быў абскарджаны і апратэставаны і ўступіў у законную сілу.

Аляксандр МАРЦІНЧЫК, пракурор Астравецкага раёна.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота yarskonline.ru.