Вялікі дабрачынны канцэрт арганнай і вакальнай музыкі ў гервяцкім касцёле Святой Тройцы сабраў больш за 17 мільёнаў рублёў.

Грошы пойдуць на рамонт касцёла: добраўпарадкуюць тэрыторыю, пасадзяць дрэвы, удасканаляць гукавую апаратуру.

Паводле слоў дырэктара Гервяцкага Дома культуры Тэрэзы Бутвілы, у вёсцы ўпершыню праводзілі такі вялікі канцэрт. Гледачы прыехалі з Гродна, Мінска, Вільні. Мядзельцы ехалі на яго аўтобусам, які  зламаўся па дарозе, але жыхары з суседняга раёна ўсё ж дабраліся на імпрэзу.

− Проста слоў няма, як цудоўна атрымалася, − захапляецца Тэрэза Бутвіла. − Білет коштам 50 тысяч, гэта, можа, і мнагавата для вёскі, нашых бабуль. Але ішлі і нашы, і з суседніх вёсак.

Для гледачоў выступалі арганіст Нацыянальнага акадэмічнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга Іван Кучарэнка, салістка гэтага аркестра Таццяна Глазунова, а таксама арганіст касцёла святой Тройцы, магістр музыкалогіі, бакалаўр культуры і гісторыі музыкі Андрэй Міхневіч.

Зоя ХРУЦКАЯ.